У Гарадоцкім раёне ўсталявалі новы помнік ахвярам нацызму

Гарадоцкі раён 24 снежня адзначае 77-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Напярэдадні знамянальнай даты на месцы, дзе восенню 1941 года нацысты расстралялі каля 2000 мірных жыхароў, усталявалі новы помнік ахвярам нацызму.

Марк Крывіцкін каля помніка ахвярам нацызму на месцы, дзе восенню 1941 года нацысты расстралялі каля 2000 яўрэяў Гарадоцкага гета.
Нямецкія войскі занялі Гарадок 9 ліпеня 1941 года. Практычна адразу ўсіх яўрэяў пад пагрозай смерці абавязалі прышыць да адзення жоўтую латку, якую нельга было здымаць. Праз некалькі тыдняў — напачатку жніўня — гітлераўцы ажыццявілі першую «акцыю» (так яны называлі масавыя забойствы).

— Яшчэ да стварэння гета нацысты сабралі маладых, моцных мужчын да 50 гадоў і частку маладых жанчын і пад падставай, што адпраўляюць іх на працы, павялі і расстралялі каля вёскі Беразоўкі, пазбавіўшы такім чынам яўрэйскую абшчыну тых, хто мог узначаліць супраціўленне, — расказаў жыхар Гарадка Марк Крывіцкін, актывіст мясцовай яўрэйскай абшчыны.

У жніўні 1941 года немцы сагналі тых, хто застаўся ў жывых, у гета на ўскраіне горада, дзе было каля 2000 вязняў. На працягу двух месяцаў іх вывозілі групамі ва ўрочышча Вераб'ёвы Горы (да вайны любімае месца адпачынку жыхароў Гарадка) і там расстрэльвалі. Асуджаных людзей прымушалі капаць сабе магілы. У сярэдзіне кастрычніка 1941 года гета цалкам знішчана.

Відавочца тых страшных падзей С. Козлов пісаў у газеце «Баявая трывога» за 30 снежня 1943 года: «На досвітку я прыйшоў у горад… Па Савецкай вуліцы ішла калона людзей. Яна расцягнулася на сотні метраў, а хвост яе яшчэ не выйшаў з лагера. Тут былі сівязна жанчыны, маладыя дзяўчаты, жанчыны з груднымі дзецьмі. Худыя, пахмурныя, яны ледзь перастаўлялі ногі… Вязні жылі на адной вадзе, таму што хлеба не давалі. Многія не вытрымалі і памерлі з голаду».

Да канца акупацыі на тым жа месцы расстрэльвалі ўдзельнікаў супраціўлення і незадаволеных «новым парадкам». У канцы снежня 1943 года, пасля вызвалення Гарадка, камісія з прадстаўнікоў раённай улады, 11-й гвардзейскай арміі і жыхароў горада абследавала месца масавых забойстваў у Вераб'ёвых Гарах. Магіла была 12 метраў даўжынёй і па 4 метрыу шырыню і глыбіню. Большасць ахвяр забілі стрэлам у патыліцу, іншым разбілі галаву тупым прадметам, а астанкі многіх дзяцей не мелі ніякіх пашкоджанняў, значыць, іх закапалі жывымі.

Устаноўлены імёны каля 450 жыхароў Гарадка, забітых на працягу жніўня — кастрычніка 1941 года, але загінулых было больш. Некаторыя выжылі дзякуючы дапамозе партызан і мясцовых жыхароў.

Яўрэі, якія вярнуліся ў Гарадок, у другой палове 1960-х гадоў за ўласныя сродкі ўзвялі помнікі ў месцах масавых расстрэлаў у Бярозаўцы і Вараб’ёвых Гарах. У 1983-м за бюджэтныя сродкі ў Бярозаўцы на месцы старога помніка адкрылі мемарыял ахвярам генацыду, а ва ўрочышчы Вараб’ёвы Горы напярэдадні 77-й гадавіны вызвалення паставілі новы гранітны помнік, на якім на трох мовах — рускай, англійскай, іўрыце — высечана надпіс: «Ахвярам нацызму. Восенню 1941 года нацысты расстралялі каля 2000 яўрэяў Гарадоцкага гета».

Фінансаваў устаноўку Фонд імя Саймана Марка Лазараса, заснаваны для ўшанавання памяці ахвяр халакосту. Фонд аплачвае стварэнне мемарыялаў у месцах масавых забойстваў, а іх па ўсёй краіне каля 500.