У гарпасёлку Коханава Мікалай Шарснёў адкрыў прадпрыемства па вырошчванні шампіньёнаў і міні-футбольную пляцоўку

Падчас штогадовага Паслання Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка завастрыў увагу на тым, што людзі ў глыбінцы павінны мець камфортныя ўмовы для жыцця, не горшыя, чым у гарадах. Назіраць рэалізацыю гэтай стратэгіі можна было сёння ў гарадскім пасёлку Коханава Талачынскага раёна. Там старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў урачыста адкрыў прадпрыемства па вырошчванні шампіньёнаў, а таксама новую міні-футбольную пляцоўку, узведзеную пры спорткомплексе «Пульс».

Футбольная пляцоўка з сучасным сінтэтычным пакрыццём у горпасёлку з'явілася дзякуючы сацыяльнаму праекту «Bonfesto – дзецям». Пакрыццё памерам 40 на 20 метраў, набытае з дапамогай Тураўскага малочнага камбіната, прадаставіла Беларуская федэрацыя футбола. А аснову пляцоўкі, па словах Аляксандра Дурана, дырэктара раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Ніва», падрыхтавалі пры дапамозе раённага бюджэту:

– На гэтыя мэты, абсталяванне і добраўпарадкаванне, затрачана больш за 42 тысячы рублёў. Абуладкоўваць пляцоўку дапамагалі мясцовыя дарожнікі і будаўнікі. Падобная пляцоўка ў Талачыне з'явілася да «Дажынак-2015». Цяпер там займаюцца чатыры групы дзіцячай спортшколы і дарослая каманда, якая выступае ў чэмпіянаце вобласці. У Коханава да 1 верасня таксама плануем запрасіць футбольнага трэнера.





На адкрыццё пляцоўкі прыехалі легенды беларускага футбола, чэмпіёны СССР 1982 года Міхаіл Вергеенка, які з'яўляецца цяпер намеснікам старшыні БФФ, і Георгій Кандрацьеў, старэйшы трэнер нацыянальнай зборнай. Георгій Пятровіч, які нарадзіўся, дарэчы, у вёсцы Любанічы Талачынскага раёна, прызнаўся, што зайздросціць сучасным хлапчукам:

– Майму пакаленню такія ўмовы не сніліся! Мы на пясчаных палях гулялі, самі іх размячалі.







Старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў прывёз падарункі для юных футбалістаў:

– Мы хочам, каб моладзь была моцнай, здаровай. Для гэтага ствараем умовы, будуем такія пляцоўкі, стадыёны, басейны, спортзалы, фітнес-цэнтры.


Затым у горпасёлку старшыня Віцебскага аблвыканкама адкрыў першую чаргу прыватнага прадпрыемства ТАА «ФунгіБелПлюс» па вырошчванні шампіньёнаў. Інвестары, якія пачалі будаўніцтва 4 гады таму, уклалі ў завод 9 мільёнаў рублёў. Дагэтуль 12 новых камер, абсталяваных у адпаведнасці з польска-галандскай тэхналогіяй, працавалі ў рэжыме пусканаладкі. У іх, па словах намесніка старшыні Талачынскага райвыканкама Віктара Альхімовіча, штогод можна выгадаваць да 3 тысяч тон грыбоў:

– Для Коханава з насельніцтвам у 4 тысячы чалавек гэта важны аб'ект. Створана 170 працоўных месцаў. Удзельная вага шампіньёнаў у экспартным складніку раёна ўжо дасягнула 30 працэнтаў. І, нарэшце, грыбы – сельскагаспадарчая прадукцыя. Яе валавая вытворчасць у раёне з дапамогай «ФунгіБелПлюс» вырасла больш чым на 10 працэнтаў.



Прадпрыемства, дзе вядзецца будаўніцтва другой чаргі, апроч шампіньёнаў вырошчвае капусту брокалі. Калі ў інвестараў з'явіцца жаданне стварыць філіялы, Мікалай Шарснёў паабяцаў дапамагчы з адвядзеннем зямлі і банкаўскімі крэдытамі:

– Коханава – яскравы прыклад населенага пункта, дзе практычна на ўсе дзяржпрадпрыемствы, што існавалі пры СССР, прыйшлі прыватнікі. Дзякуючы гэтаму створаны працоўныя месцы, выплачваецца зарплата. Гэта пацвярджае, што за малой і сярэдняй справай – будучыня. На Віцебшчыне мноства пустуючых заводскіх памяшканняў, якія мы гатовы прадаставіць бізнэсмэнам для развіцця новых сучасных вытворчасцей.