У гарадскім пасёлку Варапаева Пастаўскага раёна ўрачыста адкрылі станцыю абезжалезвання вады
Як адзначыў на мерапрыемстве старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, жыхары Варапаева атрымалі самую сучасную станцыю, якой яшчэ няма ў нашай вобласці. Тэхналогія ачысткі ў ёй унікальная, што дазволіць насельніцтву мець практычна крыштальна чыстую ваду.
На ўрачыстую цырымонію разразання сімвалічнай стужкі і пуску ў эксплуатацыю станцыі прыйшлі многія гараджане. Практычна 1300 чалавек, а гэта палова жыхароў Варапаева, выкарыстоўвае для жыццядзейнасці ваду з крана. А яна раней нямала засмучала сваёй якасцю.
Старая станцыя і водаправодныя сеткі ўжо не забяспечвалі жаданай чысціні. Уся надзея ў гараджан была на падпраграму "Чыстая вада" Дзяржаўнай праграмы "Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе" на 2016–2020 гады. І яна ажыццявілася. За сродкі рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў, уласныя сродкі УП "Віцебскаблводаканал" была пабудавана станцыя і заменена палова труб водаправоднай сеткі, працягласць якіх у гарадскім пасёлку складае 14, 4 км. Агульны кошт работ склаў 1242,1 тыс. рублёў.
У блізкай перспектыве, падкрэсліў старшыня Пастаўскага райвыканкама Сяргей Чапік, павялічыцца колькасць дамоў, куды прыйдзе чыстая вада. У планах мясцовай улады закольцаваць у агульную сетку ўчастак, які забяспечвае вадой раён чыгуначнай станцыі.
"Віцебскія весці". Фота газеты і Віцебскага аблвыканкама.