У Індыі будуць шыць штаны і кашулі з аршанскага лёну
Цяпер ільняныя тканіны ад РВУП «Аршанскі льнокамбінат» можна будзе ўбачыць і ў Індыі. Адпаведны кантракт на суму 1 млн долараў быў падпісаны ў Дэлі падчас беларуска-індыйскага бізнес-форуму.
Індыйскія партнёры зацікавіліся тканінамі для вытворчасці штаноў і кашуль сарочачна-сукеначнай групы, узоры якой ім прапанавалі ацаніць падчас працы форуму.
– Нягледзячы на тое, што Індыя – краіна, якая славіцца сваім тэкстылем, прадукцыя Аршанскага льнокамбіната прыцягнула бізнесменаў якасцю і цаной, – адзначае намеснік генеральнага дырэктара прадпрыемства Дзмітрый Мураўёў. – Спадзяемся, што гэта толькі пачатак, улічваючы той інтарэс, які быў праяўлены, і праца з індыйскім рэгіёнам будзе перспектыўнай.
Вольга Лебедзева. Фота Алены Сыс. «Віцебскія весці».