Напярэдадні Калядаў архіепіскап Дзімітрый сустрэўся з журналістамі і адказаў на шэраг хвалюючых пытанняў
Напярэдадні Раства Хрыстова прайшла прэс-канферэнцыя архіепіскапа Віцебскага і Аршанскага Дзімітрыя. Кіраўнік епархіі, у прыватнасці, адказаў на пытанні карэспандэнта «Віцебскіх вестак». Адзін з іх тычыўся адкрыцця ў Маскве ў канцы мінулага года прадстаўніцтва Беларускага экзархата, якое ўзначаліў уладыка Дзімітрый. Яно размясцілася пры храме велікамучаніцы Ірыны (Жыватворнай Тройцы) у Пакроўскім, у раёне метро «Бауманская».
– Першачарговая задача беларускай місіі – патурбавацца пра тых людзей, якія пражываюць у Маскве, духоўна акарміць іх. Дыяспара там даволі вялікая. Нашы суайчыннікі не павінны адчуваць сябе кінутымі, мы заўсёды гатовы аказаць ім пасільную дапамогу. Адкрыццё прадстаўніцтва мае вялікае значэнне і для нашых паломнікаў, якія прыязджаюць у Расію, каб пакланіцца праваслаўным святыням. Бо гісторыя Айчыны неаддзельная ад гісторыі святынь, і кожны хрысціянін павінен яе ведаць. Няблага было б, я думаю, мець свае прадстаўніцтвы і ў Кіеве, Беластоку…
– Раней не было ў Маскве царкоўнага «пасольства»?
– Царкоўнага не было, але пры пасольстве Беларусі ў Расіі заўсёды былі прадстаўнікі царквы. Цяпер нам трэба будзе заняцца рэстаўрацыяй храма, пачынаючы з падлогі і заканчваючы аднаўленнем фрэсак. Неабходна таксама адрамантаваць і два будынкі, якія нам перадалі для патрэб прадстаўніцтва. Яны за гады савецкай улады пацярпелі, там размяшчаліся халадзільныя ўстаноўкі, вокны замураваныя, так што давядзецца папрацаваць. У адным з будынкаў прадстаўніцтва знаходзіцца праваслаўны інстытут «Садзейнічанне». Будзем звяртацца па дапамогу да беларусаў, якія жывуць у Маскве. Я нядаўна прысутнічаў на з'ездзе казацтва, на якім да мяне падышлі прадстаўнікі з Новарасійска, расказалі, што яны родам з Беларусі. У Новарасійску жыве нямала нашых суайчыннікаў, некаторыя – людзі заможныя, за свае сродкі пабудавалі храм Еўфрасінні Полацкай і хочуць зрабіць крыж. Няблага, праўда? Думаю, знойдуцца людзі, гатовыя ўнесці ўклад у тое, каб наша прадстаўніцтва, і перш за ўсё храм у гонар пакутніцы Ірыны, набыло годнае аблічча. У царкву мы прывязем беларускія святыні: Жыровіцкі абраз Божай Маці, Эфескі абраз Багародзіцы, які раней знаходзіўся ў Полацку, і іншыя.
– Вы сталі ініцыятарам адраджэння ў Віцебску жаночага духоўнага вучылішча. Раскажыце, хто там будзе навучацца, якім спецыяльнасцям і калі будзе абвешчаны першы набор?
– Адна з задач, якую мы ставім перад вучылішчам, – выхаваць годных спадарожніц жыцця для выпускнікоў семінарыі. Спадзяюся, сярод іх будуць высокаадукаваныя, перш за ўсё духоўна, будучыя матухны. Але гэта не адзіная і не асноўная мэта. Галоўнае – даць нармальную хрысціянскую адукацыю, поўнату царкоўных ведаў. Тут можна будзе атрымаць спецыяльнасць выкладчыка нядзельнай школы, навучыцца навыкам іканапісу, золаташвейнага майстэрства і г. д. Дарэчы, у свой час віцебскае вучылішча было першым з жаночых духоўных вучылішчаў на тэрыторыі Беларусі. Сучасная ўстанова размесціцца ў сценах Свята-Духава жаночага манастыра (першапачаткова яно таксама размяшчалася ў келлях Свята-Духава манастыра, а потым быў пабудаваны будынак, у якім цяпер знаходзіцца аблвыканкам) па адрасе вул. Талстога, 15. Сюды змогуць паступаць дзяўчаты і жанчыны ва ўзросце ад 17 да 35 гадоў, якія маюць сярэднюю або вышэйшую адукацыю. Поўны тэрмін навучання – 3 гады. Набор пачнецца сёлета.
– Вы таксама выступілі з прапановай аб будаўніцтве ў Віцебску Сафійскага сабора, прататыпам якога паслужыць храм, узведзены ў XI стагоддзі ў Полацку. Сінод адобрыў гэту ідэю. Калі плануецца пачаць узвядзенне сабора і ў якім месцы?
– Я хацеў бы працытаваць найсвяцейшага патрыярха Аляксія II, які падчас знаходжання ў Віцебску наведаў дзіцячую калонію. Ён сказаў: «Калі мы не будзем будаваць храмы, давядзецца будаваць турмы». Гэта значыць, дзяржава, грамадства павінны быць зацікаўлены ў адраджэнні цэркваў. Сёння ў Полацку толькі ў склепе Сафійскага сабора можна ўбачыць рэшткі старога храма. Сучасны выгляд таксама ўяўляе культурную і гістарычную каштоўнасць, але калі ёсць магчымасць аднавіць ранейшы, няхай у іншым горадзе, які стаіць на той жа рацэ, чаму б гэта не зрабіць? Кожны праваслаўны вернік зможа ўнесці сваю лепту – набыць плінфу, з якой раней будавалі цэрквы, і пакласці яе ў падмурак храма. Разглядаецца сем месцаў, дзе мог бы стаяць Сафійскі сабор, але я бачу яго на галоўнай плошчы горада. Памер храма невялікі: 26 на 26 метраў.
– Ці ёсць планы аднавіць Мікалаеўскі сабор на плошчы Свабоды?
– Планы такія ёсць, але цяжка сказаць, калі яны рэалізуюцца. Ужо цяпер з боку ракі Віцьбы можна было б адкрыць захаваныя фундаменты. Або хаця б паставіць памятны камень, які паказвае на тое, што тут стаяў храм. Не будзем памятаць сваю гісторыю – не будзе і нас як асоб. Няўжо лепш, калі плошча ў гістарычным цэнтры горада ператварылася ў стаянку?
– 2014 год звязаны са значнымі падзеямі ў духоўным жыцці. Што плануецца ў сувязі з гэтым у Віцебскай епархіі?– У 2014-м мы адзначаем 700-годдзе з дня нараджэння прападобнага Сергія Раданежскага, заснавальніка Троіца-Сергіевай лаўры і Сергіева Пасада. У Маскве прайшлі два пасяджэнні, прысвечаныя падрыхтоўцы да ўрачыстасцей 1000-годдзя перайменавання роўнаапостальнага князя Уладзіміра, якое будзе адзначацца ў ліпені 2015 года. Гэта вельмі важная падзея для ўсіх праваслаўных людзей. Будзем праводзіць сустрэчы, паездкі па святых мясцінах.
– Напярэдадні быў прызначаны новы Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. Вы з ім знаёмы?
– Так, гэта вельмі годны чалавек.
P. S. Калі рыхтаваўся матэрыял, стала вядома, што экзарх мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Павел у суправаджэнні архіепіскапа Дзмітрыя наведаў прадстаўніцтва Беларускага экзархата ў Маскве.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"