У канцэртнай зале «Віцебск» ушанавалі найлепшых прадстаўнікоў культуры і мастацтва Віцебскай вобласці
Праца гэтых людзей высока ацэнена дзяржавай. У межах цырымоніі ўзнагароджання лепшыя з лепшых былі адзначаны за высокія творчыя дасягненні грашовымі прэміямі, граматамі і падзякамі ад кіраўніцтва аблвыканкама, Міністэрстваў культуры і адукацыі Беларусі, цэнтральнага і абласнога камітэтаў Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Цёплых слоў і віншаванняў у святочны дзень удастоіліся і ветэраны сферы культуры.
Намеснік старшыні аблвыканкама Анжаліка Нікіціна павіншавала прысутных у зале:
– Работнікі сферы культуры прыўносяць у наша жыццё ўсё самае лепшае: вы дорыце людзям пазітыўныя эмоцыі, займаецеся ідэалагічным выхаваннем моладзі на аснове традыцый старажытнасці і сучаснасці нашай краіны, падтрымліваеце пераемнасць пакаленняў, дапамагаеце прыцягваць у Віцебскі рэгіён шматлікіх турыстаў з блізкага і далёкага замежжа. Жадаю вам невычарпальнага аптымізму, новых творчых перамог, і каб дабро і святло, якія вы нясеце людзям, шматкроць вярталіся да вас сторыцай!
– Мы заўсёды імкнемся ствараць незабыўныя святы для іншых людзей. А цяпер настаў дзень, калі ўшаноўваюць адданых службе культуры і мастацтву, – адзначыла дырэктар Віцебскай абласной філармоніі Таццяна Савіцкая.
– Тое, што сёння работнікаў культуры ўшаноўваюць і ўзнагароджваюць, надае значнасць нашай прафесіі і заахвочвае да новых творчых праектаў і дасягненняў, – дапоўніла дырэктар абласнога краязнаўчага музея Таццяна Старынская.
Мерапрыемства завяршылася выступленнем сімфанічнага аркестра абласной філармоніі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Беляўскага: музыканты выканалі класічныя творы.