У Копцях перапахавалі астанкі двух невядомых салдат, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны

В Коптях перезахоронили останки двух неизвестных солдат, погибших в годы Великой Отечественной

Цырымонія перапахавання з усімі вайсковымі ўшанаваннямі адбылася 22 чэрвеня, у дзень 75-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Фрагменты костных астанкаў і агнястрэльнай зброі былі знойдзены пры правядзенні земляных работ каля дома №70/3 на Маскоўскім праспекце ў верасні мінулага года. Пасля раскопкамі заняўся 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён Міністэрства абароны Беларусі, вайскоўцамі былі знойдзены астанкі загінулых падчас Вялікай Айчыннай вайны чырвонаармейцаў. Вынікі медыка-крыміналістычнай экспертызы пацвердзілі, што пахаванне адносіцца менавіта да гэтага перыяду (прыналежнасць вызначалася па выяўленых вінтоўках і гранаце РГД). Асобы абаронцаў Айчыны ўстанавіць не ўдалося.


– У гэты трагічны дзень для нашай рэспублікі, 22 чэрвеня, мы перадаем зямлі прах воінаў Чырвонай арміі, якія загінулі ў бітве за Радзіму. Родныя і блізкія да гэтага часу не ведаюць, як яны пайшлі з жыцця, як загінулі. Мы павінны памятаць пра тых салдат, якія абаранілі Радзіму, далі нам магчымасць жыць і развівацца  ужо ў сучаснай Беларусі, – адзначыў на ўрачыстай жалобнай цырымоніі намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Пётр Падгурскі.

Ён таксама распавёў, што гэта першае перапахаванне салдат, якія ваявалі падчас Вялікай Айчыннай, на вайсковым участку гарадскіх могілак «Копці». Тут  цяпер будуць спачываць астанкі ўсіх абаронцаў Айчыны, знойдзеныя падчас пошукавых работ на тэрыторыі Віцебска.

Пашанаваць памяць невядомых салдат, якія змагаліся і загінулі ў баях за абласны цэнтр, прыйшлі прадстаўнікі гарадской улады, устаноў адукацыі, моладзевых, грамадскіх арганізацый і ваенна-патрыятычных клубаў горада.

–  У баях на тэрыторыі Беларусі склалі галавы больш за мільён байцоў Чырвонай арміі, але толькі траціна імёнаў загінулых нанесена на мемарыяльныя пліты брацкіх магіл. Кожны дзень мы атрымліваем дзясяткі лістоў па электроннай пошце ад сваякоў  палеглых воінаў з просьбамі знайсці і ўстанавіць месца гібелі і пахавання іх продкаў. Праца па

усталяванню асобаў байцоў павінна працягвацца, – упэўнены старшыня маладзёжнай грамадскай арганізацыі «Ваенна-патрыятычны клуб «Пошук» Анатоль Бурда.

Увечары ў абласным цэнтры таксама прайшлі мітынг, прысвечаны Дню усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, і ўрачыстае ўскладанне вянкоў да воінскіх пахаванняў на вул. Савецкай.

Наталля Камлёва. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».