У Латвійскай Рэспубліцы адменены рэжым надзвычайнай сітуацыі

Паводле паступленай інфармацыі ад латвійскага боку з 10 чэрвеня ў Латвіі адменены рэжым надзвычайнай сітуацыі, уведзены з-за распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі COVID-19, паведаміў афіцыйны прадстаўнік Полацкага памежнага атрада Дзяніс Глебко.

З 10 чэрвеня забаронена перамяшчэнне людзей і транспартных сродкаў праз знешнія памежныя пункты Еўрапейскага Саюза, за выключэннем:

  • асоб, якія вяртаюцца ў краіну пастаяннага пражывання;
  • работнікаў, якія ажыццяўляюць пасажырскія і грузавыя перавозкі;
  • маракоў, якім неабходна дабрацца да месца працы і назад;
  • замежных грамадзян, неабходнасць уезду якіх у Латвійскую Рэспубліку была пацверджана Латвійскім агенцтвам інвестыцый і развіцця;
  • замежных дыпламатаў і членаў іх сем'яў.

Вышэйпералічаныя катэгорыі грамадзян маюць магчымасць перасячы беларуска-латвійскую мяжу ў міжнародных пунктах пропуску «Грыгораўшчына», Верхнядзвінскі раён (з латвійскага боку – «Пацерніекі») і «Урбаны», Браслаўскі раён (з латвійскага боку – «Сілене»).

Па-ранейшаму зачынены пункты спрошчанага пропуску «Мейкшаны» (з беларускага боку «Гаўрыліна»), «Каплава» – («Плюсы»), «П'едруя» – («Друя»), а таксама міжнародны чыгуначны пункт пропуску «Індра» – («Бігасава») на станцыі Бігасава для пасажырскіх зносін.

Інфармацыя аб зменах парадку перасячэння мяжы і рэжыме работы латвійскіх пунктаў пропуску будзе прадастаўлена па меры паступлення звестак ад суседняга боку на Інтэрнэт-партале, у акаўнтах сацыяльных сетак і тэлеграм-канале Дзяржпагранкамітэта.