У Лепелі пабудуюць цэнтр сацыяльна-бытавой і працоўнай рэабілітацыі інвалідаў
У Лепелі праводзілася адразу некалькі «гарачых ліній», падчас якіх грамадзяне атрымлівалі адказы на ўсе пытанні, якія тычацца пенсійнага забеспячэння, надомнага абслугоўвання, арганізацыі вольнага часу пажылых людзей і інш. У прыватнасці, лепельчане цікавіліся будаўніцтвам цэнтра сацыяльна-бытавой і працоўнай рэабілітацыі інвалідаў. Безумоўна, сёння ў ТЦСАН актыўна працуюць з гэтай катэгорыяй, але ўмовы пакідаюць жадаць лепшага, займацца даводзіцца паслядоўна.
Як паведаміў начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Васіль Рававы, значны сацыяльны аб'ект па сучасных экалагічных тэхналогіях будзе пабудаваны сумесна з МБАА «ЭкаСтрой» і нямецкай дабрачыннай арганізацыяй «Дамы замест Чарнобыля». Праектна-каштарысная дакументацыя ўжо выраблена і праходзіць дзяржаўную экспертызу, на яе было выдзелена амаль 550 млн рублёў з раённага бюджэту. Сабраны пакет неабходных дакументаў і адпраўлены ў Германію: праект адобраны, і цяпер прапанова разглядаецца ў Міністэрстве фінансаў гэтай краіны. Гаворка ідзе аб выдзяленні 200 тыс. еўра на будаўніцтва першай чаргі і столькі ж – другой. Поўны кошт ініцыятывы складае 12 млрд беларускіх рублёў, і акрамя сродкаў спонсараў, будуць прыцягнуты бюджэтныя інвестыцыі.
Першую чаргу, а гэта асноўны будынак і камунікацыі, плануецца ўзвесці ўжо ў 2016 годзе, другую — у 2017-м. Тут будуць майстэрні па вырабе швейных вырабаў і сувенірнай прадукцыі, апрацоўцы дрэва і металу, клуб раслінаводаў, цяпліцы і многае іншае, неабходнае для паспяховай сацыяльна-бытавой і працоўнай рэабілітацыі інвалідаў. Дарэчы, лепельчане маюць намер выкарыстоўваць і вопыт Германіі ў арганізацыі падобнай працы, з якім спецыялісты азнаёміліся падчас візіту ў гэту краіну.
Алена Целятка, "Віцебскія весці".