У Лепелі прайшоў другі этап абласнога форуму маладых спецыялістаў
– Сёння тут сабралася моладзь самых розных прафесій. Ім цікава паглядзець, як развіваецца наша вобласць, пагутарыць са спецыялістамі, задаць ім хвалюючыя пытанні па сваіх напрамках, – адзначыў Вячаслаў Дурноў. – Кадровая палітыка з'яўляецца важным элементам дзейнасці любой арганізацыі або прадпрыемства. Таму ў самым пачатку працоўнага шляху вельмі важна падтрымаць маладых спецыялістаў, даць ім упэўненасць у заўтрашнім дні, паказаць перспектывы на будучыню.
З васьмі раёнаў Віцебскай вобласці з'ехаліся ў Лепель маладыя людзі, якія нядаўна папоўнілі працоўныя калектывы паўночнага рэгіёну. Дастаткова сказаць, што толькі 100 хлопцаў знайшлі працу на Лепельшчыне. У ліку маладых спецыялістаў – былы выпускнік Лепельскага аграрна-тэхнічнага каледжа Андрэй Яршоў. Наваспечаны слесар-рамонтнік размеркаваўся на рамонтна-механічны завод, дзе паспяхова працуе. Пасля заканчэння Полацкага каледжа ВДУ імя П. Машэрава Алеся Багдановіч уладкавалася выхавацелькай у лепельскім яслях-садзе № 2.
– Працаваць з дзецьмі мне шалёна падабаецца. Кожны дзень навучаю сваіх падапечных нечаму новаму, размаўляю з імі, рыхтую ранішнікі. У гэтай прафесіі сябе бачу і далей, хачу развівацца і рухацца наперад, – падзялілася спецыяліст.
Гэтым маладым людзям, як і многім іншым, было цікава пазнаёміцца з выставай, арганізаванай у фае РДК, якая распавядае пра лепельскія прадпрыемствы і арганізацыі.
Перад тым, як наведаць некаторыя з іх, маладыя спецыялісты прынялі ўдзел у мітынгу-рэквіеме на плошчы Свабоды і ўсклалі кветкі да помніка загінулым землякам за свабоду роднай зямлі.
У абноўленым краязнаўчым музеі ўдзельнікі форуму ўбачылі новыя экспазіцыі і пазнаёміліся з сучаснымі тэхналогіямі ў музейнай справе. Прадстаўнікі МКК «Лепелька» расказалі гасцям пра ўмовы працы і падтрымку маладых кадраў на прадпрыемстве і запатрабаваную ў спажыўцоў салодкую прадукцыю, якую можна было прадэгуставаць. У воінскай часці 22313 у Бароўцы хлопцы даведаліся пра вялікую працу, якая праводзіцца 52-м асобным спецыялізаваным пошукавым батальёнам. Для спецыялістаў з лідарскімі якасцямі, якія наведалі ДРАЦ «Жамчужына», былі арганізаваны практычныя заняткі па псіхалогіі і смачны абед.
Затым усе зноў сабраліся ў РДК, дзе прайшла дыялогавая пляцоўка «Паспяховыя практыкі ў працы з моладдзю», галоўнымі спікерамі якой выступілі Вячаслаў Дурноў, старшыня Лепельскага райвыканкама Міхаіл Кісялевіч.
– Кадравае пытанне для раёна актуальнае. У папаўненні маюць патрэбу сферы аховы здароўя, адукацыі, сельская гаспадарка. За зноў прыбылымі маладымі спецыялістамі замацоўваюцца настаўнікі, для іх прадугледжаны розныя прэферэнцыі і матэрыяльная падтрымка, – адзначыў Міхаіл Кісялевіч.
Такія форумы для маладых спецыялістаў, якія прыйшлі на сваё першае працоўнае месца, праводзяцца штогод. На думку намесніка начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Вячаслава Хрола, гэта робіцца з мэтай падтрымкі хлопцаў, выяўлення сярод іх лідараў, каб у далейшым прасоўваць іх і дапамагаць у рэалізацыі ініцыятыў.