У Лепелі з рабочай паездкай па пытаннях сацыялізацыі людзей з інваліднасцю пабываў віцэ-прэм'ер Ігар Петрышэнка
Месца візіту выбрана не выпадкова. Менавіта ў Лепелі летась адкрылі пакуль адзіны ў сваім родзе для Беларусі Цэнтр сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі інвалідаў. Штодня яго наведваюць паўсотні чалавек. Новы аб'ект уваходзіць у структуру раённага ТЦСАН і адметны як памерам, так і комплекснасцю рэабілітацыі. Упор не на традыцыйную гуртковую працу, а на прафесійную падрыхтоўку, каб у тых, хто хоча і можа працаваць, з'явілася такая магчымасць.
Важна і цеснае ўзаемадзеянне паміж гэтай арганізацыяй і Цэнтрам карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, у якім на сёння навучаюць 47 дзяцей, у тым ліку 13 — у спецыялізаваных класах. Некаторыя заняткі, накшталт музыкі і адаптыўнай фізкультуры, для дзяцей цяпер праводзяць у Цэнтры сацыяльна-працоўнай, сацыяльна-бытавой і фізічнай рэабілітацыі. Малы крок прыносіць вялікую карысць — адкрывае для дзяцей зусім іншыя магчымасці, дазваляе хутчэй уліцца ў грамадства.
Без партнёрскай, комплекснай працы не абысціся, заключыў Ігар Петрышэнка:
— І вопыт Лепельскага раёна па-свойму ўнікальны. Тут мы можам бачыць сапраўды бесперапынны плаўны падыход да сацыялізацыі людзей з інваліднасцю. Разам з тым надзвычай важная і іх уласная матывацыя, зацікаўленасць у адаптацыі і актыўным удзеле ў жыцці сваёй краіны.
З добрых навін — Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Лепельскага раёна плануюць перавесці ў новае, больш прасторнае памяшканне. Неабходнасць ёсць. Па задумцы мясцовых уладаў, ім павінен стаць гарадскі дзіцячы сад № 5. Апошні чакае вялікі пераезд: каля 70 дзяцей, якія сёння яго наведваюць, пераведзуць у новую дашкольную ўстанову. Яе збіраюцца пабудаваць у сучасным мікрараёне на вуліцы Чуйкова. Да распрацоўкі праектна-каштарыснай дакументацыі і будаўніцтва плануюць прыступіць у 2020 годзе. Сад будзе разлічаны на 240—250 месцаў, што дазволіць у поўнай меры забяспечыць патрэбы дашкольнай адукацыі раёна.