У Лепельскае возера завязуць больш за 5 т рыбы
У Віцебскай вобласці сёння зарыбляюць адно з найбуйнейшых азёр рэгіёна - Лепельскае возера. На працягу дня туды выпусцяць каля 5,4 т рыбы. Пра гэта паведамілі ў абласной арганізацыйнай структуры Рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання "Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў".
"Лепельскае возера любіма рыбаловамі. Сюды на летнюю і зімовую рыбалку прыязджае вялікая колькасць людзей. Акрамя таго, вадаём узначаліў рэйтынг папулярнасці, які быў складзены па выніках апытання рыбаловаў рэгіёна", - растлумачылі ў абласной структуры БТАП iР выбар вадаёма і падкрэслілі, што Лепельскае возера з'яўляецца адным з самых вялікіх у рэгіёне - яго плошча складае 10,18 кв.км.
Асноўную масу рыбапасадачнага матэрыялу складае сазан - 4,9 т, акрамя гэтага ў вадаём запускаюць 300 кг карася і 200 кг шчупака. "Гэта не маляўкі, а разнастайная рыба вагой ад 100 г да 600 г, такі рыбапасадачны матэрыял лепш прыжываецца ў вадаёмах. Рыба набыта ў адным з рыбгасаў вобласці за кошт сабраных з рыбаловаў узносаў. На гэтыя мэты выдаткавана каля Br160 млн", - распавялі ў абласной структуры БТАП iР.
Вызначыцца з тым, якая менавіта рыба і колькі яе па колькасці павінна быць заселена ў возера (каб хапіла кармавой базы і не быў парушаны баланс сістэмы), рыбаловам дапамаглі эколагі. А сам працэс зарыблення праходзіць пад кантролем спецыялістаў Дзяржаўнай інспекцыі жывёльнага і расліннага свету. "Рыбе патрэбен час, каб разысціся па возеры і знайсці прыдатныя для пражывання ямы, таму будзем прасіць прыродаахоўную інспекцыю ўвесці на вадаёме забарону на лоўлю да 15 лістапада", - падзяліліся ў аб'яднанні.
Спецыялісты распавялі, што ў рэгіёне гэта не першы вопыт восеньскага зарыблення азёр фонду запасу, на якіх вядзецца бясплатная аматарская рыбалка. "Прыкладна 5 т рыбы ў мінулым годзе было выпушчана ў невялікія азёры Віцебскага, Лепельскага і Аршанскага раёна", - паведамілі ў аб'яднанні і дадалі, што папярэдняе зарыбленне Лепельскага возера было каля 5 гадоў таму.
Алена Ціханава, БЕЛТА.