У Лепельскім раёне зноў будуць "жаніць Цярэшку"
6 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла — БЕЛТА/. У Лепельскім раёне на Каляды зноў будуць "жаніць Цярэшку", расказала карэспандэнту БЕЛТА інструктар-метадыст па арганізацыі турыстычнай дзейнасці Лепельскага райвыканкама, каардынатар рэгіянальнага аддзялення грамадскага аб'яднання "Адпачынак у вёсцы" Вольга Махоненка.
Аўтэнтычная калядная гульня "Жаніцьба Цярэшкі", якая захавалася да нашых дзён толькі на Лепельшчыне, у 2009 годзе была прызнана гісторыка-культурнай каштоўнасцю і ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Зацікаўленасць ёю заканамерна праяўляюць як айчынныя этнографы, так і замежныя. Галандскія і польскія спецыялісты вывучалі і апісвалі гэту калядную забаву, а нямецкія кінематаграфісты знялі дакументальны фільм і ўвесну бягучага года абяцаюць арганізаваць яго прэм'ерны паказ у Лепельскім раёне.
Па словах Вольгі Махоненкі, "Жаніцьба Цярэшкі" становіцца паўнавартасным турыстычным прадуктам і будзе спрыяць развіццю турызму ў рэгіёне.
Штогод 7 студзеня на Каляды ў вёсцы Аношкі мясцовае насельніцтва гуляе ў старадаўнюю забаву "Жаніцьба Цярэшкі". Яе сутнасць зводзіцца да таго, каб пазнаёміць добрых малайцоў з чырвонымі дзяўчатамі. Аднак гэта не простае сватанне, а вясёлы спектакль, з песнямі і танцамі, фрывольнымі жартамі і нявіннымі пацалункамі. Дарэчы, вясёлая беларуская прыказка — замуж выйсці не напась, абы замужам не прапасць — бярэ пачатак якраз з цярэшкіных песень. Калядная гульня, як і належыць вяселлям, завяршаецца агульным застоллем. Па словах Вольгі Махоненкі, пасля гэтай гульні ў вёсцы наступаў час сапраўдных вяселляў. У маючай адбыцца гульні, як чакаецца, возьмуць удзел каля двух дзясяткаў маладых вяскоўцаў. —0—