У летніх кафэ Віцебска павялічаць колькасць месцаў для гасцей «Славянскага базару».

У летніх кафэ Віцебска ў паўтара раза ў параўнанні з леташнім форумам павялічаць колькасць пасадачных месцаў для гасцей "Славянскага базару", паведаміла начальнік галоўнага ўпраўлення гандлю і паслуг Віцебскага аблвыканкама Ірына Ляўковіч.

Традыцыйна ў гэты час у гасцей і жыхароў Віцебска падвышаным попытам карыстаецца прадукцыя айчынных вытворцаў. Тавары легпрама, харчовых перапрацоўчых прадпрыемстваў Віцебскай вобласці і ўсёй краіны будуць рэалізоўвацца на вуліцах Леніна, Суворава і Кірава. Усяго у горадзе на час "Славянскага базару" будзе працаваць каля 300 гандлёвых кропак. "Апроч таго, што ў зоне правядзення фестывалю ў крокавай даступнасці знаходзіцца 50 аб'ектаў грамадскага харчавання, дадаткова будуць працаваць 22 летніх кафэ з колькасцю пасадачных месцаў больш за 2 тысячы. Гэта ў паўтара раза больш, чым у мінулым годзе", - сказала Ірына Ляўковіч. Акрамя таго, 5 тысяч месцаў ёсць у стацыянарных кафэ і рэстаранах.

У цяперашнія гарачыя дні будуць прадаваць шырокі асартымент марожанага, ахаладжальных напояў. На вул. Кірава Віцебскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты арганізуе кірмаш беларускіх і расійскіх тавараў. На вул. Замкавай абласны цэнтр маркетынгу прэзентуе малы бізнес Віцебска.

Прадпрыемствы грамадскага харчавання ў дні фестывалю пашыраць асартымент страў беларускай кухні - яны больш за ўсё карыстаюцца попытам у гасцей. Адно кафэ будзе рыхтаваць 8 відаў дранікаў, іншыя парадуюць ежай на адкрытым агні. Таксама збіраюцца прыгатаваць самую доўгую каўбасу, выпечаць сувенірную хлебабулачную прадукцыю. "Спадзяюся, што гандаль не сапсуе настрой гасцей і ўдзельнікаў форуму, а надасць урачыстасці свой каларыт", - дадала начальнік галоўнага ўпраўлення.

XXX Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" пройдзе з 15 па 18 ліпеня. Дадатковыя мерапрыемствы запланаваны на 14 і 19 ліпеня. На форуме чакаюць прадстаўнікоў 33 краін і каля 5 тысяч артыстаў.

БЕЛТА.