У Лёзненскім раёне будуць здабываць сапрапель, які можа выкарыстоўвацца ў сельскай гаспадарцы і медыцыне

Лёзненскі райвыканкам прапрацоўвае пытанне перадачы патэнцыяльным інвестарам у концесію для распрацоўкі перспектыўнае радовішча сапрапелю на возеры Буёўскае. Інвестыцыйная прапанова раённых уладаў падмацавана аўтарытэтным меркаваннем вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аб эфектыўнасці здабычы там карыснай выкапні і магчымым шматмэтавым характары яе выкарыстання.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Вячаслава Чарнавуса, згодна з заключэннем вучоных мясцовы сапрапель мае шэраг адметных характарыстык. Так, у ім адсутнічаюць цяжкія металы, ён валодае лячэбнымі ўласцівасцямі, а павышанае ўтрыманне фосфару і шэрагу іншых рэчываў усяляюць упэўненасць у добрых перспектывах яго выкарыстання ў сельскай гаспадарцы ў якасці угнаенняў, а таксама ў медыцынскіх мэтах.

Разведаныя сапрапелевыя адклады на возеры Буёўскае дазваляюць весці здабычу на працягу 23 гадоў пры гадавым аб'ёме нарыхтоўкі ў 10 тыс. т. Пры большых патрэбах інвестара ў карыснай выкапні гэты тэрмін можна скараціць удвая, але гэтага будзе цалкам дастаткова для акупнасці інвестыцыйных укладанняў у праект, упэўнены Вячаслаў Чарнавус. Тым больш што ў дадзеным выпадку можа быць выкарыстана больш танная тэхналогія здабычы, якая не патрабуе прыцягнення імпартных машын і механізмаў.

Сяргей Антонаў, «Віцебскія весці».