У Лёзненскім раёне на мяжы з Расіяй узмацнены меры па папярэджанні лясных пажараў

5 жніўня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Лёзненскім раёне на мяжы з Расіяй узмоцнены меры па папярэджанні лясных пажараў. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выконваючы абавязкі начальніка аддзела аховы і абароны лесу, палявання і паляўнічага турызму Віцебскага вытворчага лесагаспадарчага аб'яднання (ВВЛГА) Аляксей Шапошнікаў. Лясная ахова ўзмацніла патруляванне тэрыторыі балота Жаданоўскі мох і тарфянікаў. Нагодай для ўзмацнення мер паслужыў пажар на балоце Руднянскага лясгаса ў Смаленскай вобласці - за тры кіламетры ад беларуска-расійскай мяжы. Ва ўсім Лёзненскім раёне адчуваецца пах дыму. "У мэтах папярэджання распаўсюджвання пажару на тэрыторыю Беларусі Віцебскае ВВЛГА ўстанаўлівае кантакт з расійскім лясгасам і дзяжурнымі службамі для вызначэння памеру ачага ўзгарання, ступені яго пагрозы і абмеркавання мер, якія прымаюцца для ліквідацыі ўзгарання", - падкрэсліў Аляксей Шапошнікаў. На сённяшні дзень сітуацыя з ляснымі пажарамі ў Віцебскай вобласці застаецца падкантрольнай. Па паўночным захадзе рэгіёна захоўваецца трэцяя ступень пажаранебяспекі (сярэдняя). Забарона на наведванне лясоў уведзена ў Віцебскім, Лёзненскім, Дубровенскім, Полацкім, Сенненскім і Талачынскім раёнах. Акрамя таго, у сувязі з высокай тэмпературай паветра прынята рашэнне аб пераносе адкрыцця сезона палявання на водную і балотную дзічыну, які павінен быў пачацца 7 жніўня. -0-