У Лёзненскім раёне адзначылі 81-ю гадавіну вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў

В Лиозненском районе отметили 81-ю годовщину освобождения от немецко-фашистских захватчиков

На Лёзненшчыне адзначылі 81-ю гадавіну вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Месцам для урачыстага мітынгу стаў адзін з самых вялікіх у рэгіёне мемарыяльных комплексаў «Ціхмянаўская вышыня», размешчаны паблізу вёскі Асіпенкі, дзе ішлі крывавыя баі з акупантамі. Асаблівыя адвагу і мужнасць у бітве праявіла батарэя старшага лейтэнанта Леаніда Ціхмянова. Яго імем і названа вышыня, за якую пралівалі кроў чырвонаармейцы.


– Мы сёння звяртаемся да падзей Вялікай Айчыннай вайны і ўспамінаем абаронцаў Айчыны, многім з якіх было па 18 – 20 гадоў. Яны не пашкадавалі жыцця дзеля таго, каб мы жылі пад мірным небам. На тэрыторыі раёна знаходзяцца 98 воінскіх пахаванняў, у якіх спачывае больш за 33 тысячы воінаў, якія загінулі пры вызваленні Лёзненшчыны. Гэта святыя для нас месцы, – адзначыў старшыня Лёзненскага раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шляднеў.

Пасля таго, як 10 кастрычніка 1943 года акупантаў выбілі з Лёзна, па тэрыторыі раёна яшчэ дзевяць месяцаў праходзіла лінія фронту. Нашы войскі адваёўвалі пядзь за пядзю ў ворага. У летапіс вызвалення ўвайшоў бой ля вёскі Асіпенкі, у якім 38 савецкіх мінамётчыкаў на працягу 14 гадзін адбівалі атакі праціўніка. Выконваючы загад утрымаць плацдарм, адрэзаныя ад сваіх, нікім не прыкрытыя яны апынуліся адзін на адзін з пераўзыходзячым у разы праціўнікам. З 4 мінамётамі, 31 карабінам, 5 аўтаматамі і 2 супрацьтанкавымі ружжамі батарэя стала заслонам на шляху узброеных да зубоў 800 гітлераўцаў. Калі паспела падмацаванне, усе абаронцы вышыні былі паранены. Восем з іх загінулі. За гэты подзвіг камсорга мінамётнай батарэі 18-гадовага Сяргея Багамолава і яе камандзіра 24-гадовага Леаніда Ціхмянова прысвоілі званне Героя Савецкага Саюза. А вышыні рашэннем Лёзненскага Савета народных дэпутатаў у 1967 годзе прысвоена імя Ціхмянаўская.

У 1972-м, у дзень ракетных войскаў і артылерыі, быў адкрыты помнік-мемарыял, выкананы з бетону па праекце віцебскага скульптара Азата Тарасяна і архітэктара Зінаіды Азеровай. На паўкруглай стэле двухметровай вышыні ўзвышаюцца шэсць штыкоў – аб'еліскаў, якія сыходзяць угору. Помнік упрыгожваюць барэльефныя выявы шасці воінаў і партызан з аўтаматамі. На пляцоўцы ўстаноўлены мінамёт.

Сёлета работнікі Віцебскіх электрасетак – філіяла РУП «Віцебскэнерга» выканалі маштабныя работы па добраўпарадкаванні мемарыяльнага комплексу. Гэта не адзіны прыклад дапамогі энергетыкаў у высакароднай справе. Летась яны працавалі на воінскім пахаванні ў Крыніцах. Тады ж была агучана просьба мясцовых уладаў дапамагчы прывесці ў парадак мемарыял «Ціхамянаўская вышыня».

– Такія мемарыялы з'яўляюцца звязуючым звяном паміж мінулым, сучаснасцю і будучыняй. Яны ўвасабляюць мужнасць і гераізм савецкага народа, які выстаяў у кровапралітным змаганні з ворагам. Нашаму мірнаму пакаленню цяжка зразумець, як яны вынеслі выпрабаванне, што выпала на іх долю. У бой ішлі зусім юныя і сыходзілі ў неўміручасць. Наш абавязак увекавечыць і захаваць памяць пра іх. Зрабіць усё, каб нашы ўнукі з гонарам распавядалі сваім нашчадкам пра подзвіг савецкага салдата, – падкрэсліў дырэктар Віцебскіх электрасетак Вадзім Корнілавіч.

За значны ўклад у захаванне гістарычнай памяці калектыву філіяла ва ўрачыстай абстаноўцы выказалі падзяку Лёзненскага райвыканкама і райсавета.

"Віцебскія весці"