У Лёзненскім раёне правераць перспектыўнасць выкарыстання энергіі ветру
5 верасня, Полацкі раён /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Лёзненскім раёне вызначаць перспектыўнасць выкарыстання энергіі ветру. Пра гэта паведаміў карэспандэнту БЕЛТА выканаючы абавязкі генеральнага дырэктара - галоўны інжынер РУП "Віцебскэнерга" Віктар Міхайлоўскі.
Паводле яго слоў, перспектыўнае месца ў гэтым раёне Віцебскай вобласці знаходзіцца каля вёскі Гаршэва. Кантракт на правядзенне даследавання заключаны з Белгідраметам. У цяперашні час тут ужо вядзецца мантаж 70-метровай мачты, увесці ў эксплуатацыю якую плануецца ў канцы лістапада. Затым на працягу года з яе выкарыстаннем будуць вызначацца ветравыя нагрузкі і праводзіцца іншыя вымярэнні. У выніку даследавання будзе вызначана перспектыўнасць будаўніцтва ў гэтым месцы ветравой устаноўкі і яе магутнасць.
"Магчымасць выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі, у тым ліку энергіі ветру, на сённяшні дзень з'яўляецца адным з найбольш важных для нас пытанняў, бо за імі будучыня. Таму абавязкова трэба праводзіць такія даследаванні", - падкрэсліў Віктар Міхайлоўскі. У якасці прыкладу эфектыўнасці выкарыстання энергіі ветру ён прывёў дзеючую ўстаноўку індывідуальнага прадпрымальніка ў Браслаўскім раёне.-0-