У Ліёзне пачнуць выпускаць касметыку

Маштабны праект агульным коштам 1,5 мільёна долараў рэалізуе ўкраінскае ТАА "Драгеры-Бел", якое задаволілі прапанаваныя мясцовымі ўладамі ўмовы для пашырэння бізнесу ў малым беларускім горадзе.

Кіеўскае прадпрыемства, як паведаміў нам намеснік старшыні Лёзненскага райвыканкама Вячаслаў Чарнавусаў, ужо з'яўляецца партнёрам мінскага ТАА "Тэхна-Модум". А паколькі рынак збыту ў яго ёсць (гэта і еўрапейскія, і азіяцкія краіны), то патрэбны новыя вытворчыя плошчы.

Для выпуску на першым этапе 1,5 мільёна штук кавалкавага мыла ў год, а затым і вытворчасці вадкіх мыйных сродкаў, бальзамаў, шампуняў і ўпакоўкі для гэтай прадукцыі інвестару па рашэнні аблвыканкама бязвыплатна перададзены пуставаўшыя плошчы былога кансервава-агароднінасушыльнага завода з умовай стварэння працоўных месцаў для мясцовых жыхароў. Частка плошчаў ужо адрамантавана, абсталяванне размешчана ў цэху, і праектаванне, і рэканструкцыя працягваюцца.

Запуск першай вытворчай лініі намечаны ўжо сёлета. Украінцы ў якасці сыравіннай базы разглядаюць адходы вытворчасці нашых мясакамбінатаў. А на працу запросяць пасля навучання тых, хто асвоіць функцыі аператара сучаснага аўтаматызаванага абсталявання. Не выключана, што ранейшыя навыкі не страцілі былыя работнікі кансервавага завода. Пры двухзменнай працы першага цэха можна забяспечыць занятасць 16 чалавек.

Вера Мурашкіна, "Віцьбічы"