У Ліёзным адкрылі першы дзіцячы дом сямейнага тыпу

Новы двухпавярховы дом размясціўся на вуліцы Кандрата Крапівы. Цяпер тут будзе жыць сям'я Маскалёвых. Тата Іван Іванавіч працуе механізатарам у ААТ «Новая Дубрава – Агра». Мама Зоя Уладзіміраўна ў мінулым працавала цялятніцай у тым жа гаспадарцы, а з 2015 года дорыць матчыну любоў і клопат дзецям, чые маленькія сэрцы ў гэтым маюць патрэбу. Бацькі ўжо выгадавалі і далі пуцёўку ў жыццё двум родным і дзесяцярым прыёмным дзецям. Цяпер у сям'і чацвёра дзяўчынак – Аляксандра, Анастасія, Вольга і Ганна, самай старэйшай з якіх 16 гадоў, а самай малодшай 6 гадоў.

– Да гэтага мы жылі ў звычайным сельскім доме з трыма пакоямі ў вёсцы Міхалінава. Вядома, для дзетак месца было малавата, але мы прывыклі. Як кажуць, жылі ў цеснаце, ды не ў крыўдзе, – расказала Зоя Маскалёва. – Тут, вядома, месца больш і для дзяцей больш магчымасцей, чым у вёсцы.
У сям'і ўсё робіцца разам: гатуюць, прыбіраюць, гуляюць, займаюцца агародам і ўрокамі. Першы час, са слоў Зоі Уладзіміраўна, дзеці трывожна спалі, прыслухоўваліся да гукаў, але сёння кожная з іх – адкрытая, творчая і душэўная, чаму бацькі не могуць нарадавацца.
– Калі нашы старэйшыя дзеці выраслі, мы вырашылі ўзяць прыёмных, каб гэтыя дзеткі таксама выраслі ў любові і клопаце. Хацелі ўзяць адно дзіця, але ў дзіцячым доме знаходзілася тры сястрычкі, якіх мы не маглі разлучыць, таму ўзялі ўсіх, – расказала дасведчаная мама. – Падтрымліваем сувязь з усімі дзецьмі, яны часта прыязджаюць да нас у госці. Старэйшы нядаўна пазнаёміў нас і сваю родную маму з нявесткай.
Павіншаваць з наваселлем і падарыць падарункі напярэдадні навагодніх святаў прыехала нямала ганаровых гасцей. Як адзначыў намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, на Віцебшчыне гэта ўжо 33-ці дом сямейнага тыпу, а ў наступным годзе такія дамы будуць адкрыты ў Бешанковіцкім і Полацкім раёнах.
– Мы будзем працягваць гэту добрую справу, бо кожнае дзіця павінна жыць у камфортных умовах і шчаслівай сям'і, – сказаў Вячаслаў Дурноў.
Намеснік старшыні аблвыканкама падарыў сям'і сертыфікат на 8 тыс. беларускіх рублёў на набыццё бытавой тэхнікі і мэблі для дзіцячых пакояў. Да віншаванняў далучыўся і міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў, які падарыў сям'і сертыфікат на набыццё камп'ютарных сталоў.

– Чым больш мы будзем дарыць цяпла і клопату нашым дзецям, тым шчаслівейшым будзе пакаленне, якое вырасце пасля нас. Бо менавіта яны будуць кіраваць краінай і выхоўваць сваіх дзяцей, абапіраючыся на тыя каштоўнасці, якія мы заклалі ім сёння, – падкрэсліў кіраўнік МАРГ.
Па словах старшыні Лёзненскага райвыканкама Івана Фёдарава, сёння ў Лёзненскім раёне ў прыёмных і апекунскіх сем'ях выхоўваецца 44 дзіцяці, якія атулены клопатам і любоўю, што будзе заставацца нязменным, бо выхаванне і клопат пра дзяцей – адна з прыярытэтных задач для раёна.














