У Ліёзным прайшла акцыя «На славу агульнай Перамогі»
У гэты дзень у 1943 годзе Чырвоная Армія вызваліла першы горад на Віцебшчыне. Потым фронт затрымаўся тут на доўгія дзевяць месяцаў. Разам з арміяй стаялі тут і медыкі. Сёння на месцы размяшчэння 467-га паходна-палявога шпіталя 33-й арміі Заходняга фронту адкрылі памятны знак. На адкрыццё ў вёску Альховік прыехаў з Расіі сваяк загінулага ў гэтых месцах малодшага лейтэнанта Мікалая Лашкова. Іван Дубінкоў сказаў:
— У мінулым годзе пасля адкрыцця абноўленага мемарыяла «Адаменская горка» мы з сястрой заехалі сюды. Мясцовая жыхарка паказала нам, дзе размяшчаліся намёты шпіталя, і месца, дзе хавалі памерлых ад ран салдат і афіцэраў. Прах іх потым перанеслі ў мемарыял, а жанчына паскардзілася, што ў Альховіку няма памятнага знака, засталася толькі памяць. І мы тады вырашылі абавязкова паставіць у вёсцы такі знак.
Праз гадзіну на цэнтральных воінскіх пахаваннях у Лёзне адбыліся ўрачысты мітынг у гонар вызвалення горада і акцыя «На славу агульнай Перамогі». Зямлю, сабраную з усіх воінскіх пахаванняў раёна, даставілі да цэнтральнага помніка ў шасці лямпадах — па адной ад кожнага сельскага савета. Старшыні сельсаветаў перадалі лямпы ваенным, а тыя даставілі зямлю на захоўванне ў раённы ваенна-гістарычны музей. У Лёзненскім раёне 85 воінскіх пахаванняў перыяду Вялікай Айчыннай, больш за 32 тысячы савецкіх воінаў ляглі ў гэту зямлю навечна. Імёны кожнага пятага з іх да гэтага часу невядомыя. А колькі загінулых усё яшчэ не знойдзена, не ведае ніхто.
Гэтыя месцы вельмі моцна пацярпелі падчас акупацыі — загінуў кожны другі жыхар раёна, сотні расстраляны, замучаны катаваннямі, згнаны на рабскую працу ў Германію. За гады вайны спалена 196 вёсак. Ёсць на Лёзненшчыне і свая Хатынь — вёска Асташэва.
Да вайны ў раёне пражывала прыкладна 36 тысяч чалавек. Вялікая Айчынная забрала жыцці амаль кожнага другога. За 70 гадоў мірнага жыцця колькасць насельніцтва так і не аднавілася — цяпер тут налічваецца крыху менш за 17 тысяч чалавек. У самым Лёзне жыве 6,6 тысячы чалавек.