У ліцэях і каледжах Віцебскай вобласці ўпершыню пачнуць рыхтаваць праборшчыкаў і сновальшчыкаў
3 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У ліцэях і каледжах Віцебскай вобласці ўпершыню з новага навучальнага года пачнуць рыхтаваць праборшчыкаў і сновальшчыкаў. Пералік, па якім вядзецца падрыхтоўка рабочых кадраў у прафесійна-тэхнічных навучальных установах вобласці, папоўніцца дзясяткам новых кваліфікацый, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі Віцебскага аблвыканкама Сяргей Каваленка.
Па просьбе абласнога ўпраўлення адукацыі, чатыры з іх - аператар шліхтавальнага абсталявання, праборшчык, сновальшчык і дарожны рабочы - будуць уключаны ў пералік прафесій, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў прафесійна-тэхнічных навучальных установах Беларусі. Праборшчык, сновальшчык і аператар шліхтавальнай машыны - кваліфікацыі ткачоў. Яны працуюць на спецыяльным абсталяванні і займаюцца вырабам асновы тканіны. Раней рабочых такіх кваліфікацый, таксама як і дарожных рабочых, рыхтавалі непасрэдна на прадпрыемствах, растлумачыў суразмоўца. Вучэльні вобласці ўпершыню таксама будуць рыхтаваць электрыкаў па абслугоўванні гандлёвага і халадзільнага абсталявання, спецыялістаў па рамонце бытавой тэхнікі, аператараў прачачнага абсталявання.
Як падкрэсліў Сяргей Каваленка, адкрыццё новых кваліфікацый ажыццяўляецца па просьбе прадпрыемстваў і раёнаў. У гэты раз аб падрыхтоўцы кадраў прасілі акцыянернае таварыства "Полацк-Шкловалакно", абласнае ўпраўленне бытавога абслугоўвання насельніцтва і будаўнічыя арганізацыі.
У нефармальным рэйтынгу найбольш папулярных у моладзі рабочых прафесій, па дадзеных упраўлення, лідзіруюць будаўнікі, затым ідуць "жаночыя" прафесіі: цырульнікі, сакратары-машыністкі, прадаўцы.
У Віцебскай вобласці 31 прафесійна-тэхнічная навучальная ўстанова ажыццяўляе падрыхтоўку рабочых па 67 прафесіях 134 кваліфікацый. Навучанне праходзяць 12,5 тыс. юнакоў і дзяўчат. У гэтым годзе ў ліцэях, каледжах і вучэльнях чакаюць 10,5 тыс. выпускнікоў базавай і сярэдняй школы. Прыёмныя камісіі пачынаюць сваю работу з 15 чэрвеня. -0-