У малых гарадах Віцебскай вобласці ў І паўгоддзі створана 26 новых прадпрыемстваў
4 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У малых гарадах Віцебскай вобласці ў першым паўгоддзі бягучага года створана 26 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў камітэце эканомікі Віцебскага аблвыканкама.
Да вытворчасці палётных нарыхтовак для еўрападдонаў прыступіў Суражскі лясгас, у Дубровне пачала працаваць прыватная швейная вытворчасць "Антэнея Прайм", дрэваапрацоўку наладзілі ў Дзісне. Пробная партыя пенабетонных блокаў, выпушчаных у пасёлку Ветрына прадпрыемствам "ІнвестПолацк", праходзіць сертыфікацыю і гігіенічную рэгістрацыю.
Усяго ў вобласці за першае паўгоддзе бягучага года асвоена Br137,3 млрд. інвестыцый, або 58,8% гадавога задання, рэалізуецца звыш 200 праектаў. Сярод іх такія буйныя, як рэканструкцыя сістэмы халадазабеспячэння на Глыбоцкім малочна-кансервавым камбінаце, будаўніцтва цэха металаапрацоўкі на Коханаўскім заводзе "Белтрубпласт". Завяршаецца падрыхтоўчая стадыя праекта па будаўніцтве лініі вытворчасці даламіту для шкляной прамысловасці ў акцыянерным таварыстве "Даламіт" у малым горадзе Руба.
Разам з тым ажыццяўленне 55 праектаў з-за недахопу фінансавання не пачыналася. Дзве траціны новых вытворчасцей, заяўленых да адкрыцця ў малых гарадах, таксама пакуль не рэалізаваны.
У Віцебскай вобласці 40 населеных пунктаў уключаны ў Дзяржаўную праграму развіцця малых гарадоў. У іх пражывае 263 тыс. чалавек, або кожны пяты жыхар вобласці. На 2009 год у малых гарадах запланавана рэалізацыя 260 інвестыцыйных праектаў з аб'ёмам укладанняў Br233,4 млрд.-0-