У МНС Беларусі назапашаны добры вопыт па ўдзеле ў праектах тэхнічнай дапамогі ЕС - эксперт

25 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыла — БЕЛТА/. У МНС Беларусі назапашаны добры вопыт па ўдзеле ў конкурсах праектаў Еўрапейскіх праграм тэхнічнай дапамогі. Такое меркаванне выказаў выканаўчы дырэктар каардынацыйнага бюро Праграмы ТАСІС ЕС Леанід Арлоў сёння ў Віцебску на рэгіянальнай канферэнцыі праектаў Праграмы ТАСІС Еўрасаюза, перадае карэспандэнт БЕЛТА. «МНС з'яўляецца безумоўным лідарам сярод дзяржаўных структур па поспеху ў конкурсе заявак», — сказаў ён. Пры гэтым выканаўчы дырэктар Праграмы ТАСІС ЕС адзначыў, што МНС распрацоўвае ўвесь праект — ад ідэі, пастаноўкі праблем да закупак абсталявання. Самым паспяховым стаў праект «Умацаванне рэгіянальнага патэнцыялу па папярэджанні і рэагаванні на хімічныя аварыі з пагрозай трансгранічных наступстваў у рэгіёне Беларусь-Латвія-Літва», разлічаны на 2008-2009 гады. Ён уключаў падрыхтоўку ратавальнікаў, навучанне насельніцтва дзеянням у надзвычайных сітуацыях, набыццё спецыяльнага абсталявання і рыштунку. Так, віцебскія ратавальнікі ўпершыню правялі аперацыю па ачыстцы рэчышча ракі ад вуглевадародных забруджванняў, а Гродзенскае ўпраўленне МНС набыло геаграфічную сістэму пазіцыянавання — для дакладнага вызначэння месца надзвычайнага здарэння. Завяршальным этапам праекта сталі маштабныя вучэнні беларускіх ратавальнікаў з удзелам латвійскіх і літоўскіх калег на тэрыторыі Віцебскай і Гродзенскай абласцей летам-восенню бягучага года. На рэалізацыю праекта было накіравана больш за 1,1 млн. еўра.-0-