У Медыяцэнтры Віцебскай вобласці абмеркавалі пытанні будучага адзінага дня інфармавання
Напярэдадні электаральнай кампаніі роля адзіных дзён інфармавання асабліва ўзрастае, падкрэсліла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Навіцкая. І падчас іх правядзення лектары павінны не проста агучыць статыстыку, а дастукацца да людзей. Таму і было прынята такое рашэнне: прадаставіць магчымасць ідэалагічнаму актыву з дапамогай галіновых спецыялістаў удумліва разабрацца ў той ці іншай сферы дзейнасці, зыходзячы з рэалій Віцебшчыны, і ўзброіцца канкрэтнымі лічбамі і фактамі.
Найбліжэйшая тэма дня інфармавання гучала так: «Дэмаграфічная бяспека — аснова дабрабыту грамадства, галоўная ўмова развіцця дзяржавы». Зыходзячы з гэтага, на сустрэчы, якая адбылася ў Медыяцэнтры вобласці, ішла размова пра медыцынскае абслугоўванне, прафілактыку розных захворванняў і шкодных звычак, важнасць удзелу ў дыспансерызацыі і імунізацыі, фарміраванне здаровага ладу жыцця, дзяржаўную падтрымку сем'яў з дзецьмі. Спікерамі выступілі намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Людміла Кавалёва і галоўны спецыяліст камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Алена Харкевіч. Яны не толькі расказалі пра ход рэалізацыі важных дзяржаўных праграм, але і канкрэтызавалі, якімі магчымасцямі зараз могуць скарыстацца жыхары Прыдзвіння. На паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі, павышэнне працягласці і якасці жыцця працуе многае — ад ранняй дыягностыкі і паспяховага лячэння захворванняў да шырокай сістэмы дапамог для сем'яў з дзецьмі. Людзі павінны ведаць, якім патэнцыялам сёння валодае і Беларусь у цэлым, і Віцебшчына ў прыватнасці. Але ў той жа час неабходна разумець, што далёка не у кожнай краіне існуе такі высокі ўзровень сацыяльнай падтрымкі.