У Медыяцэнтры Віцебскай вобласці прайшла прэс-канферэнцыя «Бяспека дзяцей у летні перыяд»
Данесці да дзяцей інфармацыю
– Лета – доўгачаканая пара для школьнікаў. У іх з’яўляецца шмат вольнага часу для зносін з сябрамі, адпачынку, а таксама небяспечных гульняў. Таму галоўная задача ўсіх суб’ектаў прафілактыкі і бацькоў – данесці да дзяцей неабходную інфармацыю аб правілах бяспекі, бо для нас важная жыццё кожнага дзіцяці, – падкрэсліў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, начальнік абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Мелешкін. – Мы хочам, каб нашы дзеці выраслі здаровымі і шчаслівымі, у будучыні прыносілі карысць дзяржаве і сталі асабістым прыкладам для сваіх дзяцей. Таму штогод разам з іншымі суб’ектамі прафілактыкі мы праводзім шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на папярэджанне надзвычайных сітуацый і гібель непаўналетніх. Толькі ў трох цэнтрах бяспекі МНС з моманту адкрыцця першага з іх у 2017 годзе навучанне прайшлі амаль 200 тысяч чалавек, з якіх 85 % – дзеці.
БЕЗ ВЫРАТАВАЛЬНАГА ЖЫЛЕТА — НІКУДЫ!
– За апошнія чатыры гады да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнні правілаў эксплуатацыі маламерных суднаў – а гэта вяслярныя і маторныя лодкі, катамараны, гідрацыклы і іншыя сродкі перамяшчэння на вадзе – мы прыцягнулі каля 800 чалавек. Каб не парушаць закон, варта ведаць шэраг правілаў. Па-першае, узроставы цэнз: кіраваць вяслярнымі лодкамі дазволена з 16 гадоў, судамі з рухавікамі – з 18 гадоў. Па-другое, абавязкова варта надзяваць выратавальны жылет, – распавёў начальнік Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах Віцебскай вобласці Аляксандр Ярмош. – Ні ў якім выпадку нельга плаваць на надуўным матрацы, ён прызначаны для адпачынку на беразе, а не на вадзе. Яшчэ адно важнае правіла: колькасць дзяцей у адным судне не павінна перавышаць колькасць дарослых.
ЧАЛАВЕК МОЖА ПАГИНУЦЬ ЗА 20 – 30 СЕКУНД
– Перш за ўсё варта запомніць, што купацца можна толькі на спецыяльна абсталяваных пляжах у суправаджэнні дарослых. Нельга заплываць на глыбіню, а плаваць толькі там, дзе прамацваецца дно, забараняецца ўжываць алкаголь, – падкрэсліў начальнік вадалазна-выратавальнай службы абласной арганізацыі АСВОД Вячаслаў Горын. – На жаль, дзеці тонуць кожны год. Адна з асноўных прычын гібелі – ларынгаспазм. Гэта калі вада трапляе ў дыхальныя шляхі, чалавек не можа гаварыць, дыхаць і таму можа загінуць за 20 – 30 секунд, бо губляе прытомнасць і сыходзіць пад ваду. Гэта ж адбываецца, калі ён здзяйсняе ўдыхі ў вадзе, асабліва часта здараецца пры ныранні. Яшчэ адна частая прычына гібелі – траўматызм.
ЗЛАЧЫНСТВА – АД БЕЗДЗЕЛА
– Дзеці да 16 гадоў з 23.00 да 6.00 не могуць знаходзіцца па-за домам без суправаджэння дарослых. У цёмны час сутак варта насіць флікер або іншы святлоадбівальны элемент. Калі ў вас ёсць маленькія сёстры ці браты, лепш не адчыняць шырока вокны падчас спёкі, каб яны не выпалі, – падкрэсліла старшы інспектар аддзела прафілактыкі ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС аблвыканкама Вераніка Суворава. – Знайдзіце сабе хобі або аб'яднанне па інтарэсах, каб вам было чым заняцца, бо ў большасці выпадкаў злачынствы і правапарушэнні непаўналетнія здзяйсняюць ад бездзела.
БЯСПЛАТНЫ СЫР ТОЛЬКІ Ў МЫШАЛОВЦЫ
– Праблема наркаманіі сёння адна з самых актуальных. Сёлета ўжо ўзбуджана сем крымінальных спраў у дачыненні да васьмі непаўналетніх за распаўсюджванне наркатычных сродкаў. Напамінаю, што крымінальная адказнасць наступае з 14 гадоў, і падлетак можа атрымаць тэрмін ад 8 да 15 гадоў. Нельга наносіць рэкламу на будынкі, згаджацца на лёгкі заробак у інтэрнэце, бо бясплатны сыр бывае толькі ў пастка для мышэй. Абяцаных грашовых сродкаў ад супрацоўнікаў інтэрнэт-крам вы не атрымаеце, плюс яны могуць пачаць вас шантажаваць, – адзначыў старшы інспектар упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі УУС аблвыканкама Яўгеній Лісічонак. – Не адпраўляйце свае фота інтімнага характару, імі вас потым могуць шантажаваць. Памятайце базавыя правілы: не згаджайцеся на просьбу незнаёмага чалавека ісці за ім і не садзіцеся ў машыны да незнаёмцаў.
ПАГЛЯДЗІЦЕ НАЛЕВА І НАПРАВА
– Не варта пераходзіць чыгуначныя шляхі ў навушніках, знаходзіцца на краі платформы, біць шкло, кідаць камяні на рэйкі і лезці на цягнікі. Будзьце ўважлівыя пры пераходзе чыгуначных шляхоў: паглядзіце налева і направа, звярніце ўвагу на папераджальныя знакі і колер святлафора на пераездзе, – сказаў старшы інспектар упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС аблвыканкама Дзмітрый Казакевіч. – Напамінаем, што не варта карыстацца лазернымі ўказкамі, бо яны могуць перашкодзіць авіяпілотам. Таксама сёння ў Беларусі часова забаронена захоўванне і выкарыстанне беспілотнікаў, іх можна здаць на захоўванне ў аэрапорт.
З 3 чэрвеня па 16 жніўня ў вобласці пройдзе традыцыйная акцыя МНС «Вакацыі без дыму і агню!». Яе галоўная мэта – папярэдзіць гібель і траўматызм дзяцей, а таксама ўзнікненне пажараў па прычыне дзіцячай сваволі з агнём. На працягу лета ратавальнікі будуць праводзіць навучальныя мерапрыемствы з выкарыстаннем розных сучасных займальных формаў працы. Работнікі МНС раскажуць дзецям, які рызыка ўяўляюць бескантрольныя гульні на вадзе, чым небяспечныя пясчаныя кар'еры і сваволя з агнём. А бацькам яшчэ раз нагадаюць аб небяспецы пакідання малалетніх дзяцей без нагляду.