У Медыяцэнтры Віцебскай вобласці прайшла прэс-канферэнцыя аб падрыхтоўцы да «Славянскага базару».
У якасці спікераў былі запрошаны намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын, дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў Глеб Лапіцкі. Па відэасувязі да размовы падключыліся пераможцы нацыянальных адбораў на дзіцячы і дарослы песенныя конкурсы Сафія Рустамава і Самір Елчиеў.
Акрамя прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі ў прэс-канферэнцыі прынялі ўдзел юныя журналісты і блогеры, якія займаюцца ў гуртках, а таксама студэнты ВДУ імя Пятра Машэрава. Першым для спікераў прагучала «выпадковае пытанне для невыпадковых людзей». Так, Вячаславу Дурнову выпала прызнацца, ці марыў ён выступіць на сцэне Летняга амфітэатра, а Глебу Лапіцкаму – назваць яго любімую музычную групу ў юнацтве.
Пасля вясёлай размінкі ўдзельнікі сустрэчы перайшлі да галоўнай тэмы.
– Кожны «Славянскі базар» мае сваю адметнасць, цяперашні таксама будзе па-свойму радаваць удзельнікаў і гасцей форуму. Каб усё склалася, наперадзе трэба шмат працы, якая зараз ідзе поўным ходам. Клопатаў дадала зменлівая, з маразамі і адлігамі зіма. Але ўсе разам мы справімся з цяжкасцямі, – адзначыў Вячаслаў Дурноў.
Віктар Глушын распавёў пра падрыхтоўку фестывальнай сталіцы, якая вядзецца ў розных напрамках. Гэта, у першую чаргу, рамонтныя работы, асфальтаванне дарог, афарбоўка фасадаў, абнаўленне канцэртных пляцовак. З'явяцца новыя арт-аб'екты, у прыватнасці, макет старога горада каля гарадской ратушы.
– Галоўнае, для чаго робіцца фестываль, – парадаваць гледачоў, – падкрэсліў Глеб Лапіцкі.
«Славянскі базар» імкнецца задаволіць запыты розных узроставых катэгорый гледачоў, адпавядаць розным мастацкім густам. У праграме сёлетняга форуму можна знайсці тое, што блізка тваёй душы, – класічную музыку, цікавую тэатральную пастаноўку, сустрэчы з любімым эстрадным выканаўцам ці калектывам. Святочную атмасферу будзе ствараць Фэст вулічнага мастацтва, а таксама народныя гулянні. На форум мастацтваў прыедуць цыганскі тэатр «Ромэн», гітарнае трыа з Барселоны, Сяргей Лазараў, Віктар Салтыкоў, гурты «Смысловые галлюцинации», «Агата Кристи», «На-На» і многія іншыя папулярныя артысты.
Актыўны ўдзел у прэс-канферэнцыі прынялі юныя журналісты, якія не толькі задавалі цікавыя пытанні, але і падкінулі некалькі ідэй арганізатарам. У прыватнасці, арганізаваць дзіцячы Горад майстроў і стварыць талісман – ляльку-васілёк, з якой можна будзе абдымацца. Апошняя прапанова была адзначана Глебам Лапіцкім, які ўручыў падарунак яе аўтарцы – Ані Белей, удзельніцы дзіцячай тэлестудыі «Таленавітыя дзеці» Ксеніі Осмалоўскай.