У Медыяцэнтры Віцебскай вобласці прайшла рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя "Дарогамі мужнасці і стойкасці: раўнанне на герояў"

Веданне сваіх герояў дазволіць беларусам закладваць добры фундамент для будучыні. Пра гэта на дыялогавай пляцоўцы ў медыяцэнтры Віцебскай вобласці заявіла начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая. Сустрэча ў медыяцэнтры стала адным з этапаў рэспубліканскай інфармацыйна-асветніцкай акцыі "Дарогамі мужнасці і стойкасці: раўнанне на герояў". Галоўнымі спікерамі мерапрыемства выступілі начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі аблвыканкама Марына Новіцкая, дацэнт кафедры гісторыі і культурнай спадчыны Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. П.М. Машэрава Расціслаў Цімафееў і кіраўнік музея «Ганаровыя грамадзяне Віцебска» Алена Маўсесян.

"Гэтая акцыя мае такі шырокі маштаб напярэдадні Дня Незалежнасці, паколькі мы хочам яшчэ раз завастрыць увагу нашых грамадзян на тых героях, якія жывуць побач. Бо мы ходзім па вуліцах, праспектах, якія носяць імёны Крылова, Баграмяна, Багатырава, але далёка не кожны адкажа, кім былі гэтыя людзі - героямі, кампазітарамі ці вучонымі. Для нас важна завастрыць увагу на гэтай тэме, каб людзі, якія пакінулі след у гісторыі населенага пункта, горада, вобласці, рэспублікі, былі важныя жыхарам рэгіёна", - сказала Марына Новіцкая.

Героі Савецкага Саюза, Сацыялістычнай Працы, партызанскага руху і антыфашысцкага падполля, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, а таксама людзі, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды, простыя рабочыя - у абласным медыяцэнтры ўспомнілі кожнага, хто ўнёс значны ўклад у Перамогу, а затым у аднаўленне і развіццё дзяржавы. "Для мяне патрыёт - гэта гонар за сваю краіну. Мы ганарымся людзьмі, якія дзеля мірнага неба над галавой абаранялі Айчыну, працавалі на прадпрыемствах, у медыцыне, займаліся настаўніцтвам, - сказала начальнік упраўлення. - Калі мы будзем ведаць іх гісторыі, імі ганарыцца, тады выразна будзем разумець, што сапраўды можам закладваць фундамент для развіцця будучыні".

Рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя "Дарогамі мужнасці і стойкасці: раўнанне на герояў" стартавала ў чэрвені 2022 года. Кампанія праводзіцца напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі. На гэты раз яна прымеркавана да 79-й гадавіны вызвалення краіны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Дыялогавыя пляцоўкі працавалі ў два этапы. Першы прайшоў у раёнах, другі мае ўжо абласны статус - праводзіцца на ўзроўні рэгіёнаў і ў сталіцы. Удзельнікі ўспамінаюць ураджэнцаў краіны, патрыятызм, сіла духу, працоўныя і асабістыя подзвігі якіх сталі сімвалам усенароднага супраціву фашызму.

"БЕЛТА"