У Медыяцэнтры Віцебскай вобласці правялі анлайн-урок пра генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны

В Медиацентре Витебской области провели онлайн-урок о геноциде белорусского народа в годы Великой Отечественной войны
У мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі пракуратуры Віцебскай вобласці, гісторыкі, пошукавікі, непаўналетняя вязніца канцлагера 5-ы полк Соф'я Шлыкова, а таксама ў зале і анлайн-студыях: студэнты ВДУ ім. П. Машэрава і навучэнцы школ і гімназій Віцебскай вобласці.

Перад пачаткам мерапрыемства яго ўдзельнікі пазнаёміліся з экспазіцыяй, прысвечанай ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Экскурсію для студэнтаў і навучэнцаў правяла памочнік пракурора Віцебска Людміла Пазнякова.

Адкрыты анлайн-урок па традыцыі Медыяцэнтра пачаўся з генератара выпадковых пытанняў.
"Што для вас значыць вайна?" - было прапанавана адказаць пракурору Віцебскай вобласці Ігару Украінцу. Ён акцэнтаваў, што вайна нясе разруху, голад, смерць. Вайна - гэта пакуты людзей.

Пасля таго, як усе эксперты адказалі на экспрэс-пытанні, пракурор вобласці распавёў аб ходзе крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ў гады ВАВ.

- Па рэспубліцы дапытана звыш 16 тысяч чалавек, з іх больш за 2,5 тысячы ў Віцебскай вобласці, - паведаміў Ігар Украинец. - Сярод іх больш за палову – вязні лагераў смерці, іх сваякі, іншыя сведкі і відавочцы злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў і калабарацыяністаў. Большасць допытаў запісана на відэа.
Як адзначыў Ігар Уладзіміравіч, атрыманая ад жывых сведак і відавочцаў тых страшных падзей інфармацыя бясцэнная. Для крымінальнага працэсу яна з'яўляецца фундаментальным доказам факту генацыду нашага народа. Бо відэазапісы допытаў не пакідаюць сумневаў, нават у скептыкаў і праціўнікаў, якія спрабуюць перапісаць гісторыю, адносна гістарычнай праўды аб тых трагічных падзеях, якія адбываліся ў гады вайны на нашай зямлі.

Ён падкрэсліў, што з першых дзён акупацыі тэрыторыі Беларусі вермахтам і спецыяльна створанымі камандамі СС і СД (паліцыі бяспекі і службы бяспекі) праводзіліся масавыя знішчэнні мірнага насельніцтва на тэрыторыі нашай краіны.
- Толькі на тэрыторыі Віцебскай вобласці было створана не менш за 101 месца прымусовага ўтрымання мірных грамадзян і ваеннапалонных, а фактычна лагераў смерці, дзе шляхам стварэння невыносных умоў знішчана значная колькасць насельніцтва, - адзначыў пракурор вобласці. - У ходзе расследавання ўстаноўлены звесткі не менш чым аб 67 раней невядомых месцах масавага пахавання мірных жыхароў. У трох з іх праведзены раскопкі. Прызначаны судовыя экспертызы для ўстанаўлення даўнасці і абставін гібелі людзей.
Навучэнка Віцебскага кадэцкага вучылішча Паліна Шыдлоўская пацікавілася: «Якія яшчэ мерапрыемствы па крымінальнай справе аб генацыдзе плануецца правесці на Віцебшчыне?»
- У гэтым годзе сумесна з 52-м пошукавым батальёнам запланавана правядзенне пошукавых работ у шасці раней невядомых месцах пахавання мірных грамадзян, - сказаў Ігар Украінец. - У прыватнасці, у двух месцах у Сенненскім раёне, а таксама ў Лёзненскім, Глыбоцкім і Шаркоўшчынскім. Пры гэтым мы аддаём даніну памяці ахвярам. Набліжаецца рэспубліканскі суботнік, які пройдзе 22 красавіка. Мы будзем добраўпарадкоўваць месцы, дзе раней знаходзіліся вёскі, знішчаныя фашыстамі. Працягнем таксама архіўную працу, аб'ём там маштабны.

Іншыя спікеры анлайн-урока таксама казалі пра тое, што важна памятаць ахвяр вайны і вынесці ўрокі з тых трагічных падзей.


Так, гісторык Арцемій Васілевіч распавёў пра першыя дні акупацыі Віцебска. Падрабязна спыніўся на трагедыі яўрэйскага гета ў нашым горадзе, аб масавым знішчэнні людзей гэтай нацыянальнасці.
- За час існавання гета фашыстамі было знішчана, закатавана больш за 20 тысяч яўрэяў, - распавёў Арцемій Васілевіч. - Вялікую частку з іх складалі дзеці і падлеткі ва ўзросце да 15 гадоў, а таксама пажылыя грамадзяне.


Навучэнцы адукацыйных устаноў на ўроку расказалі пра маштабную працу, якую яны праводзяць па ўшанаванні памяці ахвяр фашызму.
- У нашай школе рэалізуецца праект «Памяць пакаленняў» сумесна з пракуратурай Бешанковіцкага раёна аб генацыдзе насельніцтва Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, - расказала васьмікласніца Ржаўскага дзіцячага сада-базавай школы Бешанковіцкага раёна Яна Белька. - Яго мэта – стварэнне інтэрактыўнай карты Бешанковіцкага раёна, на якой нанесена інфармацыя аб ахвярах генацыду часоў ВАВ. У ходзе праекта мы стварылі такую карту, на ёй адзначаем кропкамі спаленыя вёскі і помнікі. Мая прабабуля перажыла вайну ў вёсцы Ржаўка. З размовы з ёй я даведалася шмат пра жахі гітлераўскай акупацыі. Мяне гэта эмацыйна закранула. Мне вельмі шкада жыхароў Беларусі, якім столькі давялося перажыць дзеля Перамогі. І мне захацелася больш даведацца пра гэту вайну, і ў цэлым – пра гераічныя старонкі гісторыі савецкага народа.

У завяршэнне мерапрыемства васьмікласнікі Ржаўскай школы, а таксама навучэнка СШ №15 Віцебска Юлія Аршанская былі ўзнагароджаны падзячнымі лістамі пракуратуры Віцебскай вобласці за працу па ўшанаванні памяці ахвяр фашызму.

Фота Пятра Чымкоўскага.