У мікрараёне Юг-7 Віцебска прыступілі да будаўніцтва доўгачаканай паліклінікі

В микрорайоне Юг-7 Витебска приступили к строительству долгожданной поликлиники

Храм здароўя. Інакш, мабыць, і не назавеш прыгожы вышынны будынак, які ўзводзіцца па вуліцы Чкалава. І хоць прыгажосць – вялікая сіла, у тым ліку і ў плане спрыяння выздараўленню, галоўнае ж, вядома, гэта зручнасць, камфорт для медыкаў і пацыентаў і сучаснае абсталяванне, якім будзе аснашчана гэтая ўстанова аховы здароўя.

Пачатку будаўніцтва новай паліклінікі чакалі даўно, з самага засялення Югоў. Уявіце шлях хворага чалавека ў паліклініку на Маркаўшчыну, асабліва ў перапоўненым па раніцах транспарце, і адразу стане ясна: такія «вандроўкі» не на карысць ні хворым, ні здаровым пасажырам. Участковым тэрапеўтам таксама не пазайздросціш. Часткова зняць праблему ўдалося з адкрыццём урачэбнай амбулаторыі ў раёне Чкалаўскага рынку. Аднак толькі часткова: бо і флюараграфію, і кардыяграму сэрца, і аналізы жыхары мікрараёна па-ранейшаму робяць у паліклініцы па вуліцы М. Горкага. Там працуюць і ўсе вузкія спецыялісты. Тым жа, хто «прапісаны» да паліклінікі №3 па Маскоўскім праспекце, дабірацца да ўрача некалькі лягчэй, аднак з уводам у строй мікрараёна Білева ўстанова аховы здароўя патрабуе разгрузкі. Таму не дзіўна, з якім нецярпеннем назіраюць за ўзвядзеннем аб'екта жыхары мікрараёнаў Юг-7, Юг-7а і Медцэнтр. Не менш пільна сочаць за будаўніцтвам аб'екта і гарадскія ўлады.

— Я практычна кожны дзень бываю на будоўлі, — распавядае старшыня Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Мікалай Смунёў, якому даручана курыраваць узвядзенне паліклінікі. – Работы вядуцца згодна з графікам, будаўнікі пераадолелі нулявы ўзровень, і будынак пачынае паціху набываць свае архітэктурныя контуры.

Генеральны дырэктар ААТ «Будаўнічы трэст №9, г. Віцебск» Валянцін Козічкін, у сваю чаргу, заяўляе, што пры наяўнасці належнага фінансавання будаўнікі не падвядуць. А напаўненне бюджэту залежыць ад працы прадпрыемстваў, яго напаўняючых. Пад пільнай увагай дадзены аб'ект і ў начальніка ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама Юрыя Дзеркача.

— Важна адзначыць, што ўвод у строй новай паліклінікі дасць магчымасць пераспрэдзяліць патокі людзей, якія маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе, так, каб ім было максімальна зручна дабірацца да ўстановы аховы здароўя, — сказаў Юрый Мікалаевіч. — Пад адным дахам тут размесцяцца паліклініка і жаночая кансультацыя. А новае абсталяванне дазволіць скараціць тэрміны дыягностыкі, хутчэй прызначыць якаснае лячэнне.

Наогул развіццю аховы здароўя і паляпшэнню дэмаграфічнай сітуацыі кіраўніцтвам вобласці надаецца вялікая ўвага, асабліва ў новых мікрараёнах, дзе жывуць у асноўным маладыя сем'і. На чарзе — узвядзенне медыцынскага комплексу ў Білева.

Любоў ДЗЕДЗЮРА