У Мінску падпісаны мемарандум аб супрацоўніцтве паміж Аршанскім раёнам і кітайскім горадам Іу
Лагістычны вектар
Мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс «Брэміна-Орша» у гарадскім пасёлку Болбасава — маштабны інвестыцыйны праект. Менавіта адсюль, з будаўнічай пляцоўкі, і пачалі сваё знаёмства з рэгіёнам ганаровыя госці. Кіраўнік ТАА «Брэміна груп» Васіль Дзяменцей расказаў, што раён каля Болбасава мае ўнікальнае геаграфічнае месцазнаходжанне. З аднаго боку — галіна Аршанскага чыгуначнага вузла, з другога — аэрадром Аршанскага авіярамонтнага завода, тут жа перасякаюцца трансъеўрапейскія транспартныя калідоры «Захад-Усход» і «Поўнач-Поўдзень» — аўтамагістралі М1/Е30 і М8/Е95. Плюс недалёка ад мяжы Расійскай Федэрацыі.
У перспектыве на двух участках агульнай плошчай 230 гектараў размесцяцца складскія і вытворчыя памяшканні, інтэрмадальны тэрмінал з кантэйнернай пляцоўкай, а таксама абслуговыя прадпрыемствы. Увод першай чаргі аб'екта плануецца ў 2018 годзе. Праект рэалізуецца ў рамках Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 21 ліпеня 2015 года №334. МПЛК «Брэміна-Орша» прызначаны для абслугоўвання лагістычных ланцужкоў.
З удзелам першага намесніка старшыні Віцебскага аблвыканкама Алега Мацкевіча, кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Віцебск» Сяргея Юркевіча прадстаўнікі кітайскай дэлегацыі падрабязна абмеркавалі перспектывы далейшага супрацоўніцтва па стварэнні міжнароднага гандлёвага гарадка кітайскіх тавараў на тэрыторыі будучага лагістычнага комплексу.
Ацанілі на смак нашу прадукцыю
У райвыканкаме адбыліся сустрэча кітайскай дэлегацыі са старшынёй Аляксандрам Пазняком, а таксама дэгустацыя прадукцыі мясцовых вытворцаў. Ізабіццё хлебабулачных вырабаў прадставіла адно са старэйшых прадпрыемстваў Оршы — філіял «Аршанскі хлебазавод» ААТ «Віцебскхлебпрам». Госці былі прыемна здзіўлены і асартыментам бісквітнай прадукцыі, якую вырабляюць на самым маладым прадпрыемстве раёна — у філіяле «Салодкая краіна» ДП «Кандытарская фабрыка «Віцьба». Аршанскі мясакансервавы камбінат — найбуйнейшы ў краіне вытворца мясных, мясаагароднінных і рыбаагароднінных кансерваў для дзіцячага харчавання, а таксама агульнага спажывання. Найбуйнейшы аграпрамысловы комплекс ААТ «Віцебская бройлерная птушкафабрыка» таксама арганізаваў для кітайскай дэлегацыі прэзентацыю свайго прадпрыемства.
Спадабалася гасцям карысная, натуральная прадукцыя ААТ «Аршанскі малочны камбінат».
Па вартасці ацаніла дэлегацыя з Кітая марозіва і сыры, якія выпускаюцца ў ААТ «Аршанскі сырзавод».
Кропкі сутыкнення
У райвыканкаме старшыня Аляксандр Пазняк цёпла вітаў гасцей, расказаў пра патэнцыял рэгіёна. За апошнія гады зроблены значныя крокі насустрач партнёрам з Кітая. Напрыклад, вельмі цесна з КНР супрацоўнічае Аршанскі льнокамбінат. У мэтах рэалізацыі інавацыйнага праекта «Распрацаваць і стварыць вытворчасць інтэлектуальнай сістэмы кіравання працэсам апырсквання сельскагаспадарчых культур» ТАА НПП «Белама плюс» заключаны кантракты на набыццё абсталявання з рэзідэнтамі КНР. У трэцім квартале 2017 года ўведзены ў эксплуатацыю першы ў Оршы жылы дом па вуліцы В. Завадскага, пабудаваны з прыцягненнем тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая. У 2016 годзе ў СШ №16 пры ўдзеле Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Кітая ў Рэспубліцы Беларусь спадара Цуй Цыміна быў адкрыты «Сад камянёў», а ўжо сёлета — сучасны лінгафонны кабінет.
У сваю чаргу, Сяочжун Чэнь коратка расказаў, што сабой уяўляе горад Іу, правінцыя Чжэцзян. Насельніцтва горада складае амаль два мільёны чалавек. Іу — адна з ключавых гандлёвых пляцовак для замежных арганізацый.
Паколькі канцэпцыяй стварэння мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу «Брэміна-Орша» прадугледжана развіццё камерцыйнага сектара з арганізацыяй цэнтра гандлю, госці з Кітая дэталёва абмеркавалі перспектывы супрацоўніцтва менавіта ў гэтым ключы. Рэалізацыя сумеснaга праекта з кітайскімі партнёрамі з горада Іу дазволіць рэалізаваць канцэпцыю «Адзін пояс — адзін шлях», сканцэнтраваць у Беларусі таварныя патокі, размеркаваныя зараз паміж Польшчай, Літвой і Расіяй.
«Аршанская газета».