У Мінску прэзентавалі форму сэрвісных студэнцкіх атрадаў для працы на II Еўрапейскіх гульнях
"У нас прайшла першая рабочая сустрэча-семінар з удзельнікамі студэнцкіх сэрвісных атрадаў сталіцы. У ёй прынялі ўдзел больш за 300 чалавек. Мы абмеркавалі найважнейшыя пытанні, звязаныя з працай студатрадаў падчас II Еўрапейскіх гульняў. Гэта даты, віды, умовы работ, якія будуць выконваць нашы байцы, дастаўка ў месца дыслакацыі, падрыхтоўка рабят да працы ў сэрвісных атрадах. Была прэзентавана форма сэрвісных студатрадаў. У ёй выкарыстаны класічны стыль, белая, сіняя і чорная каляровая гама, упрыгожаннем служыць лагатып гульняў. Распрацаваны два варыянты формы: з кароткім і доўгім рукавом", - распавёў Сяргей Клішэвіч. Паводле яго слоў, падчас сустрэчы былі абраны камандзіры і камісары студатрадаў.
"На II Еўрапейскіх гульнях будуць працаваць дзесяць студэнцкіх сэрвісных атрадаў. Першапачаткова размова ішла пра сем, але мы прынялі рашэнне сацыялізаваць яшчэ тры. Яны будуць сфарміраваны на базе штабоў працоўных спраў пры пярвічных арганізацыях саюза моладзі БДУ, БНТУ, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання і будуць задзейнічаны ў забеспячэнні харчавання ўдзельнікаў Еўрапейскіх гульняў", - адзначыў сакратар гаркама.
Заработная плата кожнага байца з 15 чэрвеня па 3 ліпеня складзе каля Br500 у залежнасці ад аб'ёму работы.
Акрамя таго, сёння рабяты пазнаёміліся са сваімі куратарамі ад прадпрыемства КУП "Бізнес-цэнтр "Сталіца", якое выступіць аператарам харчавання на II Еўрапейскіх гульнях, і пагутарылі з прадстаўнікамі дырэкцыі Еўрапейскіх гульняў.
На сустрэчы гаворка ішла і пра далейшае фарміраванне фан-клуба на базе шматфункцыянальнага культурна-забаўляльнага спартыўнага комплексу "Чыжоўка-Арэна". "Клуб ужо створаны. У яго ўвайшлі прадстаўнікі ўстаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сталіцы з усіх раёнаў. Гэта рабяты, якім цікавы спорт і якія такім чынам хочуць праявіць сябе і ўнесці свой уклад у правядзенне гульняў. Яны будуць актыўнымі заўзятарамі беларускіх спартсменаў падчас спаборніцтваў, і мы спадзяемся, што такая падтрымка дапаможа нашым землякам перамагаць", - дадаў Сяргей Клішэвіч.
Паколькі II Еўрапейскія гульні выпадаюць на перыяд сесіі, удзельнікам студэнцкіх атрадаў перанясуць тэрмін здачы залікаў і экзаменаў. Студэнтам з іншых гарадоў выдзеляць месцы ў інтэрнатах. II Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня 2019 года на 12 спартыўных аб'ектах.
Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 199 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту. Спаборніцтвы ў дзевяці відах стануць кваліфікацыйнымі да XXXII Алімпійскіх гульняў 2020 года ў Токіа.