У Мінску праходзіць Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі
Галоўная мэта трэцяга форуму застаецца незменнай – пашырэнне беларуска-расійскага рэгіянальнага супрацоўніцтва і садзейнічанне ўсталяванню прамых кантактаў паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі ў сацыяльна-эканамічнай, навукова-адукацыйнай, культурна-гуманітарнай і іншых сферах.
Актыўна ўключылася ў гэту працу і Віцебшчына. Як паведамілі ў камітэце эканомікі аблвыканкама, яшчэ ў траўні быў падпісаны шэраг кантрактаў паміж прадпрыемствамі прыдзвінскага краю і рэгіёнамі Расіі, у тым ліку з кампаніямі з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Ніжняга Ноўгарада, Новасібірска, Ульянаўска, Томска, Рэспублікі Дагестан, Рэспублікі Бурація.
У прыватнасці, новыя партнёры з'явіліся ў ААТ «Сцяг індустрыялізацыі», Віцебскага завода радыёдэталяў «Маналіт», прыватнага прадпрыемства «Вітбудтэхмаш», КУВП «Віцебчанка», кандытарскай фабрыкі «Віцьба», а таксама прадпрыемстваў Віцебскага канцэрна «Мяса-малочныя прадукты». Непасрэдна ў рамках форуму плануецца падпісанне кантрактаў паміж РУПТП «Аршанскі льнокамбінат» і ТАА «Тэкстайл Про» (Масква), СТАА «ЛЛК-Нафтан» і ТАА «Сінтек» (Обнінск, Калужская вобласць), ААТ «Верхнядзвінскі масласырзавод» і ТАА «Нурлан» (Ханты-Мансійская аўтаномная акруга) і шэрагам іншых. Усяго ж усталяваць новыя кантакты з расійскімі партнёрамі маюць намер 15 прадпрыемстваў-экспарцёраў Прыдзвіння, а значыць, і пашырыць сваю прысутнасць на рынку суседняй дзяржавы.
Вольга Маслоўская, "Віцебскія весці". Фота Дзмітрыя Восіпава, "Віцебскія весці", "Сельская газета".