У Міёрскім раёне з'явіцца завод па вытворчасці белай жасці і металічнага ліста
У найбліжэйшы час у Міёрскім раёне пачнецца будаўніцтва завода па вытворчасці белай бляхі і металічнага ліста. За падрабязнасцямі «Віцебскія весці» звярнуліся да дырэктара ТАА «ММПЗ-групп», якое займаецца рэалізацыяй праекта, Сяргея Чабуранава.
– У канцы лістапада – пачатку снежня плануем пачаць падрыхтоўчыя земляныя работы на будаўнічай пляцоўцы, – сказаў ён. – Пад завод выдзелена 40 га зямлі прыкладна за 2,5 км ад міёрскай чыгуначнай станцыі. Тэрмінам заканчэння будаўніцтва вызначаны канец 2015 – пачатак 2016 гг., яшчэ два гады адводзіцца на пусканаладачныя работы і выхад на праектную магутнасць. Цяпер усё гатова да старту.
Будаўніцтва будзе весціся паэтапна, паралельна з праектаваннем. Генпадрадчыкам праектавання выбрана літоўская інжынірынгавая кампанія «MANfuLA». Пастаўшчык абсталявання – адзін з вядучых вытворцаў металургічнага і трубапракатнага абсталявання ў свеце кампанія «SMS Group» (Германія).
– Сяргей Ягоравіч, раскажыце коратка, на чым будзе спецыялізавацца завод.
– Асноўным відам яго прадукцыі стане так званая белая бляха, якая шырока ўжываецца сёння ў многіх галінах прамысловасці, у прыватнасці, для вытворчасці фасовачнай упакоўкі тавараў кансервавай прамысловасці, лакафарбавых вырабаў, аэразоляў і г. п.
Сённяшняя гадавая патрэба Беларусі ў белай блясе – прыкладна 30 тыс. тон, і ўвесь гэты аб'ём закупляецца за мяжой. Адкрыццё ўласнага завода прадукцыйнасцю 150 тыс. тон дазволіць не толькі адмовіцца ад імпарту, але і значную частку вырабленай прадукцыі пастаўляць на экспарт. Дарэчы, прапановы ад патэнцыйных пакупнікоў ужо паступаюць.
– Што дасць будаўніцтва завода Міёрскаму раёну?
– У першую чаргу каля 500 новых працоўных месцаў з дастаткова высокай аплатай. Па сутнасці, гэта будзе горадаўтваральнае прадпрыемства для райцэнтра. Плануецца таксама ўзвядзенне жылля для спецыялістаў паралельна з будаўніцтвам завода. На першым этапе будзе пабудавана дзесяць двухпавярховых 8-кватэрных дамоў, пачаць работы таксама маюць намер яшчэ да канца гэтага года. У перспектыве – будаўніцтва шматпавярховага жылога дома.
– У якую суму абыдзецца рэалізацыя гэтага інвестпраекта?
– Арыенціровачны агульны кошт – больш за 200 млн еўра, сюды ўключаны затраты і на абсталяванне, і на будаўніцтва жылля.
Таццяна Гарнова, "Віцебскія весці"