У Міёрскім раёне будуецца металургічны завод
Земляныя работы ўжо пачаліся. Пад цэхі новага прадпрыемства, дзе будуць вырабляць белую бляшанку і металічны ліст, выдзелена 40 гектараў зямлі прыкладна за 2,5 км ад чыгуначнай станцыі.
Маштабны інавацыйны і імпартазамяшчальны праект рэалізуе ТАА “ММЗП-Групп”. Тэрмін заканчэння будаўніцтва — пачатак 2016 года, яшчэ два гады адводзіцца на пусканаладачныя работы і выхад на праектную магутнасць, якая складзе 250 тысяч тон. Белая бляшанка шырока ўжываецца ў многіх галінах прамысловасці і сёння цалкам закупляецца за мяжой. Рэалізацыя гэтага праекта дазволіць не толькі пазбавіцца ад імпарту, але і пастаўляць прадукцыю на экспарт.
На заводзе будзе створана 500 працоўных месцаў. Паралельна з будаўніцтвам завода інвестар плануе ўзводзіць жыллё для спецыялістаў. Агульны кошт інвестыцыйнага праекта перавышае 200 мільёнаў еўра.
Вольга Кручэнкава, "Народная газета"