У Музеі Зарасайскага краю (Літва) адкрылася выстава работ Ю. Пэна з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея

Мастак Юрый Пэн (1854-1937), першы настаўнік такіх знакамітасцей, як Марк Шагал, Восіп Цадкін, Оскар Мешчанінаў, Лазар Лісіцкі і шэрагу іншых вядомых майстроў, нарадзіўся ў невялікім мястэчку Новаалександраўску (цяпер Зарасай, Літва).

14 жніўня 2014 г. у Музеі Зарасайскага краю ўпершыню на радзіме мастака і ў Літве адбылося адкрыццё выставы работ Ю. Пэна з фондаў Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Выстава адкрыла мерапрыемствы, якія праводзіліся ў рамках святкавання Дня горада „Зарасай – 508“.

У адкрыцці прынялі ўдзел: дэпутат Сейма Літоўскай Рэспублікі Альгімантас Думбрава, намеснік мэра Зарасайскага раёна Мікалаюс Гусевас, намеснік загадчыка аддзела адукацыі і культуры адміністрацыі самакіравання Зарасайскага раёна Дайва Шукштулене, дырэктар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Глеб Савіцкі, дырэктар Музея Зарасайскага краю Ілона Вайткявічене, прадстаўнікі грамадскасці горада і рэгіёна.

На адкрыцці выставы намеснік мэра Зарасайскага раёна Мікалаюс Гусевас сказаў:

,,Маё жыццё – мае карціны“, – казаў наш зямляк, вядомы мастак Юрый Пэн. Для нас вялікі гонар, што сёння ўпершыню ў горадзе Зарасай і ў Літве мы маем магчымасць убачыць невялікую частку работ вядомага мастака, і ў прадстаўленых карцінах шукаць фрагменты роднага мастаку Новаалександраўску (цяпер Зарасай) і адчуць тугу мастака па родным горадзе. Кожнаму наведвальніку гэтай унікальнай выставы, які аглядае прадстаўленыя карціны Юрыя Пэна, я жадаю знайсці праўду слоў яго вучня Марка Шагала: ,,Вам не трэба шпацыраваць па горадзе, звяртаць увагу на людзей, не варта ісці ў тэатр, у царкву, у сінагогу – усё вы маеце перад сабой, усё стагне, плача на карцінах Пэна штохвілінна, і днём, і ўвечары, у суботу, у свята“.

На выставе прадстаўлена 27 жывапісных работ: пейзажы Зарасая, Віцебска, партрэты, жанравыя карціны. Выстава арганізавана ў рамках праекта „Дарога культуры яўрэяў (выяўленчае мастацтва): Ю. Пэн і яго вядомыя вучні“, які аб'яднаў Літву, Латвію і Беларусь.

Арганізатары выставы дзякуюць за дапамогу Пасольству Літоўскай Рэспублікі ў Мінску, Міністэрству культуры Літоўскай Рэспублікі.

Юбілею Ю. Пэна быў прысвечаны пяты пленэр ,,Зарасай – край азёр 2014“, на выніковай выставе, якая адкрылася 14 жніўня 2014 г. у выставачнай зале цэнтра культуры Зарасай, былі прадстаўлены мастакі 3 краін (Літва, Латвія і Беларусь). Віцебск прадстаўлялі – Андрэй Духоўнікаў і Дзмітрый Гаралевіч.