У наступаючым годзе ў абласным цэнтры пачнецца ўзвядзенне Палаца ўрачыстых абрадаў і рэканструкцыя Канцэртнай залы «Віцебск».
Гэта прадугледжана Інвестыцыйнай праграмай горада Віцебска на 2013 год, якую зацвердзілі на пасяджэнні Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў. Дакумент распрацаваны з мэтай эфектыўнага і рацыянальнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, кантролю за выкананнем тэрмінаў будаўніцтва, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы сацыяльнай сферы і ЖКГ. Сярод аб'ектаў таксама заалагічны парк, надземная пешаходная галерэя да будынка па вуліцы Замкавай, 4, квартал Марка Шагала, падземныя пераходы пад вуліцамі Леніна і Петруся Броўкі, берагаўмацаванне Заходняй Дзвіны, гарадская цэнтральная клінічная бальніца. Акрамя таго, адбываецца будаўніцтва вуліцы Церашковай на ўчастку ад праспекта Фрунзе да вуліцы Лаза, водаправода ў сектары індывідуальнай забудовы, лазнева-аздараўленчага комплексу па Воінаў-Інтэрнацыяналістаў, пляцоўкі для паркоўкі па вуліцы Палітэхнічнай, будуць працягнуты расчыстка рэчышча і мерапрыемствы па падтрыманні гідралагічнага рэжыму і санітарнага стану ракі Віцьба. На гэтыя і іншыя аб'екты праграмай прадугледжана вылучэнне каля 98 трыльёнаў рублёў. Найбольшую долю сродкаў атрымаюць аб'екты аховы здароўя, камунальнай гаспадаркі і культуры.