У Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы адбылася прэм’ера мюзікла-памфлета «Дыліжанс».
Паставіў спектакль Юрый Кулікоўскі, аўтар «Псіхааналітыка для псіхааналітыка» і «Дажыць да прэм’еры», якія ідуць на коласаўскай сцэне. Але калі папярэднія п'есы рэжысёр выбіраў сам, то «Дыліжанс», паводле яго слоў, – прапанова тэатра. Як, зрэшты, і выбар акцёраў на ролі. Адной з умоў была іх здольнасць спяваць. Як высветлілася, такіх у трупе нямала, у чым пераканаліся гледачы падчас прэм'еры.
Музыку для «Дыліжанса» напісаў Уладзімір Кандрусевіч. Цікавая гісторыя яе стварэння. Да беларускага кампазітара, які ў свой час працаваў у Маскве, звярнуўся вядомы расійскі акцёр і аўтар тэкстаў Леанід Філатаў, які зрабіў вершаваную апрацоўку навелы Гі дэ Мапасана «Пышка». Мяркавалася, што мюзікл будзе пастаўлены ў тэатры «У Нікіцкіх варот». Але неўзабаве Філатаў памёр, прэм'еры не адбылося, і музычная п'еса праляжала больш за 10 гадоў. Пра гэта кампазітар расказаў мастацкаму кіраўніку Коласаўскага тэатра Валерыю Анісенку, які выказаў жаданне бачыць мюзікл на віцебскай сцэне.
Пышка – дзяўчына лёгкіх паводзінаў, якая апынаецца ў адным дыліжансе з людзьмі з дабрабытнага грамадства: модным газетным рэпарцёрам Корнюдэ, гандляром віном спадаром Луазо з жонкай, прамыслоўцамі сямейнай парай Ламадон, а таксама Графам і Графіняй. Добрыя грамадзяне спачатку з пагардай выказваюцца пра «прынцэсу ўсіх руанскіх карчмоў», але калі разумеюць, што ад яе залежыць іх дабрабыт, мяняюць сваё стаўленне. Менавіта гэтае высакароднае грамадства падштурхоўвае Пышку да вельмі амаральнага учынку, за які затым яе і асуджае.
Рэжысёр у спектаклі зрабіў акцэнт на здольнасці чалавека здзяйсняць усвядомленае здрадніцтва. Асабліва яно выяўляецца ў адносінах Пышкі з Корнюдэ. Дэмакрат па перакананні, які кляйміць ворагаў, на справе аказаўся баязлівейшым і амаральнейшым за «прадажную» дзяўчыну.
Невыпадкова жанр пастаноўкі вызначаны як памфлет, які мае на ўвазе выкрыццё, высмейванне. У вершаванай п'есе Філатава, якую бліскуча пераклаў на беларускую мову Уладзімір Скарынкін, шмат калючак, гумару. Тут, як гаворыцца, ёсць што гуляць, і артысты з задавальненнем робяць гэта. Ролю Пышкі выконваюць Наталля Аладзька і Юлія Цвікі.
Варта адзначыць працу сцэнографа і мастака па касцюмах Святланы Макаранка, якая асучасніла дзеянне п'есы і надала ёй гламурнасці. Мюзікл мае на ўвазе і танцы, іх, як заўсёды майстэрску, паставіла Дзіяна Юрчанка. Атрымаўся прыгожы лёгкі спектакль, на якім гледачы могуць расслабіцца і атрымліваць задавальненне ад добрага матэрыялу і гульні акцёраў.
Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці"