У новым фармаце ў падвялі вынікі трэцяга працоўнага семестра вобласці ў Віцебску

В новом формате подвели итоги третьего трудового семестра области в Витебске
Падвядзенне вынікаў трэцяга працоўнага семестра і ўшанаванне лепшых студэнцкіх атрадаў Віцебскай вобласці прайшло ў арт-кафэ «Маэстра» ў Віцебску.

— Сёлета ў складзе будаўнічых, сельскагаспадарчых, педагагічных, экалагічных і сэрвісных студэнцкіх атрадаў працавала каля 5200 чалавек, — расказала камісар Віцебскага абласнога штаба студатрадаў Вікторыя Кужалева. — Моладзь удзельнічала ва Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, узвядзенні сацыяльна значных аб'ектаў у вобласці, была задзейнічана ў добраўпарадкаванні, а таксама працавала ў аздараўленчых лагерах. Акрамя таго, упершыню за доўгі час адзіны ў рэспубліцы студэнцкі сельскагаспадарчы атрад нашага рэгіёна выязджаў на збор ураджаю ў Малдову. На тэрыторыі Расійскай Федэрацыі байцы працавалі ў складзе педагагічных, сэрвісных і будаўнічых атрадаў.

— Падвядзенне вынікаў працоўнага семестра заўсёды праходзіць у цёплай сяброўскай атмасферы, — адзначыў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын. — І гэта невыпадкова: студэнцкі атрад — вялікая сям'я, з агульнымі мэтамі і інтарэсамі. Характэрна, што сённяшняе ўшанаванне праходзіць у юбілейны год 100-годдзя ВЛКСМ і 55-годдзя беларускіх студэнцкіх атрадаў. На Віцебшчыне, якая лідзіруе ў краіне па арганізацыі студатрадаўскага руху, асабліва адчуваецца пераемнасць пакаленняў.

У межах мерапрыемства лепшыя байцы студэнцкіх атрадаў вобласці змаглі пагутарыць і з ветэранамі руху – васьміразовым камандзірам занальных штабаў Барысам Рыкліным і першым камісарам выязнога будаўнічага атрада ў Казахстан у 1963 годзе Вячаславам Макарэўскім, які перадаў у музей Віцебскага абкама БРСМ асабісты набор значкоў 1968 – 1991 гадоў.

– У жыцці вельмі важна знайсці сваю справу, працу, якая для чалавека будзе цікавай, а для дзяржавы – карыснай, – перакананы начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама Генадзь Ягора. – Радуе, што маладыя людзі імкнуцца прынесці дабро сваёй краіне.

Першы сакратар Віцебскага абласнога камітэта БРСМ Вячаслаў Хрол павіншаваў актывістаў Віцебшчыны з працоўнымі поспехамі, пажадаў новых здзяйсненняў і годных вынікаў на рэспубліканскім узроўні.

Для студэнткі Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П. Машэрава Святланы Лёўкінай, камандзіра педагагічнага атрада «НЛО», чатыры змены ў лагеры «Камсамольскі» (адзін з дзевяці ў складзе дзіцячага цэнтра «Арляня», Расійская Федэрацыя) сталі першым вопытам працы са школьнікамі.

– Цудоўны камандны дух, высокі ўзровень арганізацыі адпачынку для дзяцей – з'язджаць дадому не хацелася, – прызналася дзяўчына. – Спачатку было няпроста, але дзякуючы добрай падрыхтоўцы і дапамозе калег на месцы справілася з цяжкасцямі.

Шмат уражанняў ад паездкі ў Малдову засталося ў Андрэя Худобкіна, камандзіра студэнцкага сельскагаспадарчага атрада «Сябры» імя героя-камсамольца Ефрасінні Зяньковай.

– На тэрыторыі калгаса «Перамога» мы збіралі ўраджай персікаў, зліў, кавуноў і вінаграду, – расказаў ён. – Непадрыхтаваным гарадскім жыхарам працаваць на зямлі было цяжка. Добра, што дапамагалі кіраўніцтва і работнікі калгаса, навучалі, а ў выхадныя дні ладзілі выезды на прыроду, частавалі стравамі нацыянальнай кухні.

Баевікі студэнцкага будаўнічага атрада «Эўрыка» імя Героя Савецкага Саюза В.Еранько працавалі на ўзвядзенні Беларускай АЭС.

– Адказнасць, працавітасць, зладжанасць і імкненне да пастаўленай мэты – такі залог поспеху ў каманднай справе, – перакананы камандзір студатрада Іван Саўчанка.

"Віцебскія весці".