У новым аперблоку Віцебскай дзіцячай абласной бальніцы цяпер можна аперыраваць пацыентаў любога ўзросту
На здымку вы бачыце святлодыёдны аперацыйны свяцільнік. Бестеневы, што вельмі важна ў хірургіі, — дазваляе ўсім удзельнікам аперацыі аднолькава добра бачыць тканіну ў глыбіні раны. Прадэманстравалі навінку ў аперацыйным блоку дзіцячай абласной бальніцы, які адкрыўся нядаўна пасля рэканструкцыі. Ужо ў першы дзень было выканана пяць аперацый, а ўсяго за мінулыя тры тыдні — больш за 70. Галоўны ўрач бальніцы Аляксандр Піткевіч адразу сказаў, што пра дзяцей у краіне і вобласці рэальна клапоцяцца, а ў якасці пацвярджэння назваў лічбу — на рэканструкцыю аперблока, якая доўжылася тры гады, з абласнога бюджэту выдзелена 9 мільярдаў рублёў.
Паколькі аддзяленне асаблівае, галоўная клапатка — пра стэрыльнасць. Нават пацыенты паступаюць у аперацыйны зал праз шлюзавую камеру, дзе іх перакладаюць з адной каталкі на іншую, каб не дапусціць пранікнення бальнічнай мікрафлоры.
Аперацыйных залаў цяпер шэсць, і ўваход у кожны — праз перад-аперацыйную. Строгі кантроль, як нам патлумачылі, — гарантыя таго, што не будзе пасляаперацыйных ускладненняў.
На пытанне пра ролю аперблока ў бальніцы Аляксандр Піткевіч адказаў вобразна: "Гэта свайго роду майстэрня для мастака". З улікам таго, што ўкаранёны элементы пластычнай хірургіі, параўнанне карэктнае. Хірургі да аперацыйнага блока ставяцца трапятліва, і пазітыў тут вышэй за ўсё. Тон задаюць аперацыйныя медсёстры (іх восем на чале са старшай медсястрой Аленай Сташкевіч), да якіх прад'яўляюцца вельмі высокія патрабаванні і якія, самае галоўнае, ім адпавядаюць.
Новае абсталяванне ўражвае. Аляксандр Эдуардавіч разам з загадчыкам аперблока Аляксандрам Янушкевічам прадэманстравалі ўнікальную наркозна-дыхальную апаратуру экспертнага класа (быў адзін апарат, набыты яшчэ чатыры), што дазваляе праводзіць анестэзію дзецям любога ўзросту і з любой вагой, нават калі гэта два кілаграмы.
Рассказалі пра электронна-аптычны пераўтваральнік маркі "Сіменс", які дазваляе выконваць рэнтгенаграфію ў рэжыме рэальнага часу, — гэтага цуда тэхнікі ў аддзяленні раней не было. Электрахірургічны блок быў, але ранейшы і шэсць цяперашніх, новых, — зямля і неба, а бо гэта забяспечвае бескрыўднасць аперацый. Дзякуючы сучасным лапараскапічным стойкам колькасць малаінвазіўных аперацый у параўнанні з мінулым годам падвоілася, прычым такіх, якія раней выконвалі толькі ў Мінску (на нырках, трайная астэатамія таза і г.д.).
У наступным годзе маюць намер укараніць тэхналогіі, якія ў дзіцячай хірургіі ў Беларусі яшчэ не ўжываліся, — напрыклад, інтрамедулярны астэасінтэз пры пераломах.
Па спектры сур'ёзных хірургічных і траўматалагічных аперацый дзіцячыя хірургі з Віцебска — адны з лепшых у краіне. Бальніца лідзіруе сярод аналагічных устаноў аховы здароўя рэспублікі па ўкамплектаванасці і аснашчанасці. Гэта першая дзіцячая бальніца, дзе з'явіўся 64-зрэзавы камп'ютарны тамограф!
Перспектывы таксама ўражваюць. У бліжэйшы час плануецца завяршыць рэканструкцыю тэрапеўтычнага корпуса, што дазволіць ушчыльную заняцца дзіцячым ЛОР-аддзяленнем, якое неўзабаве перамесціцца з абласной бальніцы. Для яго ўжо закуплена найноўшае абсталяванне на пяць з паловай мільярдаў рублёў. Рыхтуецца памяшканне пад афтальмалагічнае аддзяленне (зноў жа пераедзе з Нікропалля).
Перавод аддзяленняў пад дах дзіцячай бальніцы — не самамэта, задача складаецца ў тым, каб не страціць усё лепшае, што было, а таксама нарошчваць аб'ёмы і якасць дапамогі.
Ніна Пісарэнка, "Віцьбічы"