У Наваполацку 2011 год абвешчаны Годам моладзі

14 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. У адным з самых маладых гарадоў Беларусі Наваполацку 2011 год абвешчаны Годам моладзі. Рашэнне аб гэтым прынята сёння на пасяджэнні гарадскога выканаўчага камітэта, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Наваполацкага гарвыканкама. Галоўнай мэтай правядзення Года моладзі ў Наваполацку стануць выхаванне грамадзянскай адказнасці ў маладых людзей, развіццё іх творчага, навуковага і прафесійнага патэнцыялу, актыўнае прыцягненне моладзі да правядзення сацыяльна-эканамічных пераўтварэнняў у горадзе. На працягу года ў нафтаградзе пройдуць больш за сотню мерапрыемстваў, галоўнымі героямі якіх стануць маладыя навапалачане. Маладыя гараджане ўжо заявілі аб сваім удзеле ў абласных і рэспубліканскіх акцыях: "Жыву ў Беларусi і тым ганаруся", "Служы, салдат!", "Мы - грамадзяне Рэспублікі Беларусь", "Я памятаю! Я ганаруся!", "Наваполацку з любоўю!", "За Беларусь!". У Год моладзі гарадскія ўлады маюць намер адкрыць гарадскі цэнтр занятасці моладзі, садзейнічаць другаснай занятасці школьнікаў і студэнтаў, аказваць дапамогу выпускнікам школ у вызначэнні будучай прафесіі, зыходзячы з эканамічных інтарэсаў горада. У калектыўныя дагаворы на прадпрыемствах прапануецца ўключыць раздзелы "Сацыяльныя гарантыі моладзі". Асаблівая ўвага будзе нададзена прывіццю моладзі культуры здаровага ладу жыцця, павагі да сямейных каштоўнасцей. Гэту работу ўлады маюць намер весці сумесна з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій. У Год моладзі ў Наваполацку з'явіцца скульптура "Юнацтва". Па дадзеных апошняга перапісу насельніцтва, сярэдні ўзрост жыхароў Наваполацка складае 38,6 гадоў. Прыкладна 14% жыхароў Наваполацка - маладзейшыя за 15 гадоў. У горадзе 15 школ і гімназій, 3 вучэльні і ліцэі, адзін каледж і адзін ВНУ - Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.-0-