У Наваполацку шматдзетныя сем’і атрымалі ключы ад кватэр у новым доме
Дом пабудавалі менш чым за год: работы праводзіліся са снежня 2017 года па жнівень 2018-га. Агульная плошча ўведзенага ў эксплуатацыю жылля - крыху больш за 4,8 тыс. кв.м. Крыніца фінансавання - кітайскія інвестыцыі. Заказчыкам выступіў УКС Віцебскага аблвыканкама, генпадрадчыкам - Кітайская грамадзянская інжынерна-будаўнічая карпарацыя, субпадрадчыкам - будаўніча-мантажны трэст №16 Наваполацка. Размясціўся 84-кватэрны дом у мікрараёне №10. У крокавай даступнасці знаходзяцца яслі-сад-пачатковая школа, крамы.
Старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў павіншаваў новасёлаў з адкрыццём дома, а таксама з Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі. "Сацыяльна-эканамічныя прынцыпы, сфарміраваныя ў перыяд Савецкага Саюза, ляглі ў аснову развіцця прамысловага, навуковага, сельскагаспадарчага і сацыяльнага патэнцыялу сучаснай беларускай дзяржавы", - адзначыў кіраўнік горада.
У цырымоніі таксама прынялі ўдзел будаўнікі і кітайскія партнёры. Узвядзенне шматпавярховіка стала магчымым пасля падпісання пагаднення паміж урадамі Беларусі і Кітая аб рэалізацыі другога этапу праекта па будаўніцтве сацыяльнага жылля ў нашай краіне. Сродкі тэхніка-эканамічнай дапамогі Кітая выкарыстоўваюцца для будаўніцтва ў Беларусі сацыяльнага жылля для грамадзян, якія стаяць на ўліку як тыя, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
БЕЛТА.