У Наваполацку вызначылі пераможцу Міжнароднага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало»

В Новополоцке определили победителя Международного конкурса юных исполнителей эстрадной песни «Халі-Хало»
Знакавыя праекты Наваполацка накіраваны ў заўтрашні дзень, іх узлётную сілу жывіць энергія энтузіязму і маладосці.

Міжнародны конкурс юных выканаўцаў эстраднай песні «Халі-Хало» падтрымалі спонсары – дваццаць прадпрыемстваў і арганізацый горада. Для ўдзельнікаў былі падрыхтаваны каштоўныя падарункі – мабільныя тэлефоны, планшэты, ноўтбукі. Дырэктар «Славянскага базару ў Віцебску» Глеб Лапіцкі назваў конкурс пачаткоўцаў вакалістаў шэдэўральным святам. Яго ўсцешыла велізарная папярэдняя праца, праведзеная аргкамітэтам фестывалю.

Сёлета на конкурс паступіла 153 заяўкі. Адбор прайшлі 47 удзельнікаў. У малодшай узроставай катэгорыі (8 – 10 гадоў) выступалі 16 выканаўцаў, у сярэдняй (11 – 13 гадоў) – 15, у старэйшай (14 – 16 гадоў) – 16.

За права быць першымі змагаліся юныя таленты з Расіі, Эстоніі, Літвы, Сербіі, Арменіі. Беларусь была прадстаўлена зорачкамі вакальных школ Мінска, Магілёва, Віцебска, Жодзіна, Светлагорска, Маладзечна, Полацка і Наваполацка.

У цяперашнім гарадскім парадку дня фестываль «Халі-Хало» стаў падзеяй нумар адзін. Цёплыя прывітанні ўдзельнікам і арганізатарам форуму даслалі кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Наталля Качанава, міністр культуры Юрый Бондар, кіраўнікі вобласці і горада.

Гран-пры з рук старшыні журы – заслужанай артысткі Беларусі Ірыны Дарафеевай атрымала Ліліана Садоўская (Магілёў). Яна ўвезла з сабой галоўную ўзнагароду творчага спаборніцтва – прафесійны мікрафон.

Акрамя таго, былі названы ўладальнікі дыпломаў I – III ступеняў, многія з удзельнікаў конкурсу былі адзначаны спецыяльнымі прызамі і персанальнымі запрашэннямі на розныя песенныя фестывалі. Старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дзямідаў, які ўжо не першы год уручае на «Халі-Хало» сваю імянную ўзнагароду, у гэты раз спыніў выбар на 12-гадовай навапалачанцы Дар'і Валюшкінай, якая стала ўладальніцай ноўтбука.

"Віцебскія весці".