У Наваполацку адкрыюць мемарыяльныя пліты з новымі імёнамі ахвяр Вялікай Айчыннай вайны

В Новополоцке откроют мемориальные плиты с новыми именами жертв Великой Отечественной войны
22 чэрвеня 2021 г. у рамках мерапрыемстваў, прысвечаных 80-годдзю пачатку Вялікай Айчыннай вайны, Дню Усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны, на мемарыяльным комплексе «Зорка» у мікрараёне Баравуха горада Наваполацка пройдзе адкрыццё новых мемарыяльных пліт з устаноўленымі ў выніку пошукава-даследчых работ імёнамі загінуўшых у канцлагеры Шталаг-354.

 

Доўгі час устанавіць новыя імёны загінуўшых у канцлагеры ваеннапалонных і мірных жыхароў не ўяўлялася магчымым. Дапамагла выпадковасць.

У 2019 годзе быў знойдзены сшытак ваенурача, у якім утрымліваліся звесткі аб больш чым чатырох сотнях вязняў Staatlag-354. Для ўстанаўлення больш падрабязных звестак аб загінуўшых была праведзена вялікая пошукава-даследчая праца. Дзякуючы ўзаемадзеянню з Упраўленнем па увекавечанні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў, пошукавымі атрадамі, часткова ўстаноўлены падрабязныя звесткі аб зняволеных канцлагера.

Да пошуку сваякоў загінуўшых былі прыцягнуты пасольствы Расійскай Федэрацыі і Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь, адміністрацыі гарадоў Расіі, Украіны.

Вынікам карпатлівай працы стала увекавечанне на плітах мемарыяла 409 прозвішчаў, з якіх 178 будуць урачыста адкрыты.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ў мікрараёне Баравуха (сучасная тэрыторыя г. Наваполацка) размяшчаўся буйны нямецкі гарнізон. Фашыстамі тут быў арганізаваны канцлагер Staatlag 354, куды змяшчалі ваеннапалонных і мірных жыхароў. Сёння вядома, што канцлагер стаў месцам гібелі некалькіх дзясяткаў тысяч савецкіх воінаў і мясцовых жыхароў. Хто былі гэтыя ахвяры вайны – у пераважнай большасці невядома.

Мемарыяльны комплекс, прысвечаны ахвярам фашызму, узведзены ў Баравусе ў 2006 годзе. Ён займае тэрыторыю каля 3 гектараў і ўключае мемарыяльны знак, дот і капліцу. Над уваходам у мемарыял устаноўлена стылізаваная бетонная стужка з надпісам «Незабыўны твой подзвiг салдат». Чатыры стэлы сімвалізуюць чатыры бакі свету, чатыры гады вайны і чатыры франты, якія вызвалялі Беларусь. У цэнтры расколатая чаша – сімвал зямлі і жыцця, расколатага вайной.

"Віцебскія весці".