У Наваполацку адкрылі лабараторыю для падрыхтоўкі будучых інжынераў-рабатотэхнікаў
– IT-індустрыя шырока ступіла ва ўсе галіны нашага жыцця: адукацыя, медыцына, транспарт, паліўна-энергетычны комплекс. Пераход эканомікі ў лічбавую плоскасць – гэта пытанне нацыянальнай бяспекі. Вырашаць складаныя задачы, знаходзіць неардынарныя рашэнні і думаць нестандартна – гэта тыя крытэрыі, якія патрэбны сучаснаму спецыялісту ў сферы інфармацыйных тэхналогій. Я ўпэўнены, што гэтая лабараторыя стане цэнтрам прыцягнення таленавітых, адораных дзяцей і дазволіць ім не толькі асвоіць азы робататэхнікі, 3D-мадэлявання, праграмавання, але і вызначыцца са сваёй будучай прафесіяй, падрыхтавацца для паступлення ў ВНУ і ССНУ па профільных спецыяльнасцях, – сказаў на адкрыцці намеснік міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь Сяргей Рэентавіч.
Кабінет, нават дызайн якога спрыяе тэхнічнай творчасці, проста напіханы найноўшымі тэхналогіямі і абсталяваннем.
На урачыстым адкрыцці шлях у лабараторыю паказала мадэль аўтамабіля, якую зрабіў гуртковец, лаўрэат конкурсу сучасных прыкладных ідэй «Хачу ў 3.0» Дзмітрый Мітт на базе платы з мікракантролерам Arduino. Дарэчы, закуплена восем такіх канструктараў для праектавання і стварэння новых прылад з дапамогай праграмнага забеспячэння. 43 адукацыйныя наборы LEGO-канструктара, 13 ноўтбукаў з высокапрадукцыйнымі відэакартамі дапамогуць у канструяванні і праграмаванні робатаў. На мультыбордзе, які падтрымлівае адначасова дзясяткі дотыкаў, цяпер можа працаваць група навучэнцаў з педагогам.
У мінулым годзе за бюджэтныя сродкі набылі ў палац 3D-прынтэр. Шмат рабят зацікавілася аб'ёмным друкам, таму за сродкі Міністэрства энергетыкі купілі другі такі апарат. Хто ведае, кім стануць сённяшнія захопленыя школьнікі?! Нехта выбярэ прафесію інжынера або праграміста, а нехта будзе працаваць на карысць медыцыны, бо трохмерныя мадэлі ўжо актыўна ўкараняюць і там.
Новую лабараторыю папоўнілі тры сучасныя адукацыйныя квадкаптэры. Упершыню з беспілотнымі лятальнымі апаратамі навучэнцы аддзела тэхнічнай творчасці пазнаёміліся тры гады таму. Тады дроны набывалі за ўласныя сродкі ў крамах цацак, гэта былі самыя танныя мадэлі, якія хутка ламаліся. Тым не менш Кірыл Кубачоў стаў прызёрам Рэспубліканскага конкурсу па асновах прафесійнай падрыхтоўкі сярод навучэнцаў JuniorSkillsBelarus у кампетэнцыі «Тэхналогія беспілотных лятальных апаратаў». Дарэчы, у Беларускай акадэміі авіяцыі на факультэце «Грамадзянская авіяцыя» ёсць спецыялізацыя «Беспілотныя авіяцыйныя комплексы», дзе рабяты могуць атрымаць кваліфікацыі «інжынер», «спецыяліст па кіраванні».
Наваполацкія хлапчукі і дзяўчаты спрабавалі свае сілы ў розных конкурсах мультыплікацыі, але стваралі мультфільмы на мабільніках. Для дасягнення лепшых вынікаў не хапала абсталявання. Цяпер у палацы будзе паўнавартасная мультыстудыя са штатывам, бяззеркальным фотаапаратам-відэакамерай, асвятляльнымі прыборамі, мікрафонамі.
Сёння нікога не здзівіш інтэрактыўнымі дошкамі на ўроках, мадульнымі тэхналогіямі, прымяненнем сеткавых і электронных сродкаў навучання. Для тэхналагічнага развіцця дзяржавы важна, каб падрастала пакаленне, якое зможа нешта вынаходзіць і знаходзіць новыя рашэнні, а гэта немагчыма без новых форм адукацыі.
– Місія новай лабараторыі – стварыць умовы для інавацыйнага навучання, якое раскрывае здольнасці кожнага дзіцяці. Лабараторыя накіравана на STEAM-адукацыю. Гэта наватараскі метад, дзе ў прыярытэце праектная дзейнасць, вывучэнне некалькіх прадметаў і прымяненне іх на практыцы. Гэта дапаможа дзецям вызначыцца з прафесіяй, – распавяла загадчыца аддзела тэхнічнай творчасці Тэрэза Абалок-Глушакова.
У 11 групах лабараторыі «ЮнIT» займаецца 99 дзяцей, якія разумеюць, што ў сучасным свеце паспяховым становіцца той, хто гатовы набываць новыя веды і навыкі, самастойна вырашаць тэхнічныя задачы, праяўляць вынаходлівасць.
– На сучасным этапе «інжынер-рабататэхнік» з'яўляецца самым перспектыўным напрамкам інжынерыі. Нашы дзеці, яшчэ не маючы такога абсталявання, удзельнічалі ў спаборніцтвах па робататэхніцы і станавіліся пераможцамі і прызёрамі ў розных катэгорыях. Новае аснашчэнне дазволіць палепшыць вынікі, – сказала кіраўнік лабараторыі «ЮнIT» Святлана Кубачова.
Вучань 7-га класа СШ № 12 Наваполацка Ігар Мацюш ужо тытулаваная асоба: прызёр Рэспубліканскага конкурсу інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў, пераможца конкурсу сучасных прыкладных ідэй «ХАЧУ Ў 3.0» у 2020 годзе і лаўрэат гэтага ж конкурсу ў 2021 годзе. Хлопчык з 3-га класа займаецца ў аб'яднанні па інтарэсах «STEAMпарк» Палаца дзяцей і моладзі. Ігар прызнаўся:
– Хацеў бы перапрабаваць у лабараторыі ўсё абсталяванне. Але першае, што хачу выпрабаваць, – гэта квадрокоптары. Ад звычайных беспілотнікаў адукацыйныя адрозніваюцца тым, што іх трэба запраграмаваць, напісаць спецыяльны код, перш чым адпраўляць на заданне. Я ўжо вывучаў Scratch-праграмаванне і С++. Упэўнены, што атрыманыя тут веды добрыя не толькі для адукацыі і самаразвіцця, але і ў будучыні дакладна спатрэбяцца, тым больш што хачу атрымаць прафесію, звязаную з IT-тэхналогіямі.
Адкрыццё лабараторыі – гэта працяг той працы, якую Наваполацкі гарвыканкам праводзіць сумесна з Полацкім дзяржуніверсітэтам і каледжамі па прывіцці ў рабят цягі да натуральных навук, каб у будучыні яны сталі высокакваліфікаванымі інжынерамі, спецыялістамі, якія будуць тварыць, ствараць, прыдумляць новыя тэхналогіі і ўкараняць іх. Старшыня Наваполацкага гарвыканкама, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання ад Віцебскай вобласці Дзмітрый Дзямідаў перакананы, што гэта захапленне, якое пакуль успрымаецца як забава, у далейшым пяройдзе ў прафесію і маладыя людзі прынясуць шмат карысці і сабе, і гораду, і краіне.
Дарэчы, на ўрачыстым адкрыцці лабараторыі не пераразалі традыцыйную чырвоную стужку, а сканавалі QR-коды.
– Я спадзяюся, што гэтая лабараторыя будзе ў поўнай меры выкарыстана для далейшага раскрыцця патэнцыялу вашых здольнасцей, – звярнуўся да рабят, якія прысутнічалі на ўрачыстым адкрыцці лабараторыі, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч. – Краіна стараецца стварыць усе ўмовы, каб атрымаць высокаінтэлектуальнае грамадства. І хацелася б, рабяты, каб вы ўсе заставаліся ў Беларусі, прыносілі карысць сваёй радзіме. Грамадства чакае вашых ідэй. Я спадзяюся, што з такімі талентамі тэхналагічнае развіццё нашай краіны будзе на сусветным узроўні.