У Наваполацку адкрылі манумент легендарнаму дэсантніку Герою Савецкага Саюза Васілю Маргелаву
Цырымонія адбылася на тэрыторыі былога пасёлка Баровуха, які атрымаў у савецкія часы неафіцыйны статус «сталіцы ПДВ». Ганаровыя госці мітынгу нагадалі пра знакавую ролю Васіля Маргелава ў гісторыі стварэння паветрана-дэсантных войскаў, а таксама адзначылі важнасць перадачы наступным пакаленням праўды пра абаронцаў Айчыны, якія сталі прыкладам самаадданага служэння Радзіме.
Добрай традыцыяй назваў адкрыццё мемарыялаў напярэдадні святаў старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Цярэнцьеў. Ён падкрэсліў, што ПДВ з'яўляюцца гордасцю Узброеных Сіл і ўсёй нашай краіны, адзначыў значнасць захавання гістарычнай спадчыны і ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі.
– Мы праводзім пастаянную работу па ўвекавечанні памяці, воінскай доблесці нашых слаўных землякоў, – сказаў член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, кіраўнік Наваполацка Дзмітрый Дзямідаў. – Адзін з найбольш яркіх перыядаў у жыцці Баровухі звязаны з дыслакацыяй у ёй элітных дэсантных войскаў. Памяць пра іх дасягненні павінна назаўжды застацца ў гісторыі.
Старшыня савета грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Валерый Гайдукевіч павіншаваў прадстаўнікоў «крылатай пяхоты» з надыходзячым святам – Днём дэсантнікаў і сіл спецыяльных аперацый Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, уручыў медалі «90 гадоў утварэння Паветрана-дэсантных войскаў». У ліку ўзнагароджаных – камандзір 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксей Елфімаў, якому разам са старшынёй Наваполацкай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане» Віктарам Кастровым было прадастаўлена ганаровае права адкрыць бюст-помнік легендарнаму заснавальніку ПДВ.
– Сёння Баравуха – тэрыторыя духоўнага, маральнага, патрыятычнага выхавання. Радуе, што ёсць тыя, хто прымнажае слаўныя традыцыі ВДВ, – сказаў Віктар Кастроў і падзякаваў прадстаўнікам улады, дэсантнаму брацтву, актывістам за рэалізацыю грамадска значных ініцыятыў.
Натуральным музычным суправаджэннем мерапрыемства ў Баравусе была песня «Сінева», якая лічыцца неафіцыйным гімнам ВДВ. Дарэчы, прэм’ера гэтай песні адбылася 2 жніўня 1973 года менавіта тут у выкананні ансамбля «Блакітныя берэты» 357-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка. Дапоўнілі святочную атмасферу канцэртная праграма, паказальныя выступленні вайскоўцаў 103-й гвардзейскай мабільнай брыгады і прадстаўнікоў Наваполацкага гарадскога аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Аляксандр Халатран, старшыня Віцебскай абласной арганізацыі грамадскага аб’яднання «Ветэраны паветрана-дэсантных войскаў і сіл спецыяльных аперацый:
– Дэсантнікаў аб’ядноўваюць і рамантыка палёту, якую ні з чым нельга параўнаць, і патрыятызм, і пачуццё абавязку. Прафесійныя і высокамабільныя, яны заўсёды гатовыя па першым загадзе выканаць любую задачу па абароне Радзімы. Гэта брацтва не ведае часу і межаў.