У Наваполацку адкрываецца рэспубліканскі семінар для дзяржабвінаваўцаў

У Наваполацку 1-2 лістапада пройдзе агульнарэспубліканскі навукова-практычны семінар для дзяржаўных абвінаваўцаў па пытаннях падтрымання дзяржаўнага абвінавачвання ў судах і нагляду за законнасцю судовых рашэнняў па крымінальных справах, паведамілі ў пракуратуры Віцебскай вобласці.

У мерапрыемстве возьмуць удзел прадстаўнікі Вярхоўнага і Віцебскага абласных судоў, намеснікі пракурораў абласцей і Мінска, якія курыруюць нагляд за законнасцю судовых рашэнняў па крымінальных справах, а таксама іншыя пракурорскія работнікі. Адкрые мерапрыемства генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк.

Удзельнікі вывучаць праблематыку падтрымання дзяржаўнага абвінавачвання па шматэпізодных і складаных справах, апеляцыйна-наглядную практыку. Спецыялісты закрануць асобныя аспекты разгляду ў органах пракуратуры скаргаў і іншых зваротаў на судовыя рашэнні па крымінальных справах, якія ўступілі ў законную сілу, пытанні кваліфікацыі злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і іншыя тэмы. У праграме прадугледжаны трэнінгі.

"Дзейнасць дзяржаўнага абвінаваўцы накіравана не толькі на падтрыманне абвінавачвання, але і абарону законных інтарэсаў грамадства і дзяржавы, ахову правоў і свабод усіх удзельнікаў крымінальнага працэсу. Удзел пракурора ў судзе - гарантыя рэалізацыі прынцыпу законнасці ў працэсе", - падкрэслілі ў пракуратуры.

У ведамстве дадалі, што ў краіне адзначаюцца станоўчыя вынікі ўвядзення інстытута апеляцыйнага правасуддзя ў крымінальным працэсе, у тым ліку скарачэнне колькасці перагледжаных судовых рашэнняў.

БЕЛТА.