У Наваполацку зьявіўся трамвай новага пакаленьня, якога пакуль няма ні ў адным горадзе Беларусі
Трамвай мадэлі БКМ-802 – адзіны ў сваім родзе, на што паказвае і заводскі нумар – 001. Яго стварылі канструктары завода «БелКамунМаш» сумесна са спецыялістамі ААТ «Штадлер Мінск», і гэту распрацоўку можна назваць новым, чацвёртым пакаленнем айчынных трамваяў. Эксперыментальны вагон значна адрозніваецца ад беларускіх папярэднікаў і знешнім выглядам, і «начынкай».
Трамвай мадэлі БКМ-802 – адзіны ў сваім родзе, на што паказвае і заводскі нумар – 001. Яго стварылі канструктары завода «БелКамунМаш» сумесна са спецыялістамі ААТ «Штадлер Мінск», і гэту распрацоўку можна назваць новым, чацвёртым пакаленнем айчынных трамваяў. Эксперыментальны вагон значна адрозніваецца ад беларускіх папярэднікаў і знешнім выглядам, і «начынкай».
Машына літаральна нашпігавана электронікай. Сігнал аб любой узнікшай няспраўнасці выводзіцца кіроўцу на дысплей, чаго няма пакуль ні ў адным беларускім трамваі. Уся наладка ідзе праз праграмнае забеспячэнне. Сярод тэхнічных характарыстык – палепшаны механізм тармажэння, што важна і для камфортнага кіравання, і для бяспекі пасажыраў. Варта адзначыць, што некаторыя замежныя запчасткі і канструкцыі, якія выкарыстоўваліся раней у вырабе трамваяў, заменены айчыннымі, якія
«БелКамунМаш» вырабіў уласнымі сіламі ў рамках імпартазамяшчэння.Мадэрнізаваны і пасажырскі салон. Акрамя традыцыйных кнопак выкліку кіроўцы на поручнях, маюцца дадатковыя для адчынення дзвярэй. Нізкападлогавая сярэдняя частка вагона яшчэ ніжэйшая, чым у трамваях трэцяга пакалення. Таксама тут прадугледжаны месцы для інваліднай каляскі з сістэмай фіксацыі і апавяшчэння кіроўцы, аппарэль (наклонная пляцоўка) з ручным кіраваннем, сядзенні для пасажыраў з абмежаванай мабільнасцю. У вагоне – святлодыёдная асвятленне, якое з'яўляецца ўсяго толькі адным з механізмаў энергазберажэння, закладзеных у сучасным электратранспарце. Вылучаецца навічок з шэрагу сваіх субратаў і кузавам – дызайнеры надалі яму сучасны стыль.
Прататыпам інавацыйнай распрацоўкі паслужыў трохсекцыйны трамвай БМК-843, таксама створаны беларускімі машынабудаўнікамі па замове з Казані. Наваполацкая мадэль адрозніваецца меншымі габарытамі, кампактнасцю (па ўмяшчальнасці раўназначная адзіночнаму стандартнаму вагону) і з'яўляецца больш бюджэтным варыянтам. Такі транспарт прызначаны для эксплуатацыі ў малых гарадах.
Пакуль гэту навінку ад айчыннага вытворцы можна ўбачыць толькі ў Наваполацку. Чаму ж яна з усіх гарадоў рэспублікі, дзе ёсць трамвайны парк, трапіла менавіта ў нафтаград? Гэта, можна сказаць, заканамерная выпадковасць. У мінулым годзе наваполацкі трамвайны парк адзіны сярод аналагічных прадпрыемстваў замовіў новы трамвай для абнаўлення рухомага саставу. Планавалі набыць ужо правераны АКСМ-103, аднак вытворца прапанаваў мадэль, распрацаваную для расійскага заказчыка. Наваполацкія транспартнікі пагадзіліся першымі абкатаць тэхнічную навінку, на базе іх парка праходзілі вытворчыя выпрабаванні мадэлі. Праверыць вагон у справе даверылі Таццяне Шалькавай – кіроўцу трамвая 1-га класа з 34-гадовым стажам. У выніку чаканні вытворцаў і пакупнікоў апраўдаліся, і 802-ы кожны дзень дастаўляе пасажыраў да месца прызначэння.
Як распавядае начальнік участка эксплуатацыі электрарухавога саставу НТКУП
«Трамвайны парк» Алена Ціхелашвілі, у цэлым нізкападлогавыя трамваі вельмі запатрабаваныя ў гараджан, прычым не толькі ў пажылых і людзей з абмежаванай мабільнасцю, але і ў маладых мам з дзіцячымі каляскамі, якія вязуць сваіх малых у паліклініку.Усяго на дадзены момант трамвайны парк Наваполацка мае 31 пасажырскі вагон, з іх 11 адзінак – трамваі трэцяга пакалення, якія замянілі старэнькія, аджылыя свой век вагоны. Абнаўленне тэхнікі ажыццяўлялася ў рамках Дзяржаўнай праграмы забеспячэння гарадоў рэспублікі наземным гарадскім электрычным транспартам на 2009 – 2013 гады. З часам плануецца замяніць і астатнія 20 вагонаў.
Акрамя таго, як паведамілі на прадпрыемстве, перамены чакаюць і маршрутную сетку. Гатовы праект па падаўжэнні трамвайнай лініі, якая павінна павялічыцца на 3,5 кіламетра шляху і выйсці на цэнтральную вуліцу горада. На дадзены момант трамвай абслугоўвае толькі старую частку нафтаграда і прамысловую зону, што нязручна для тых, хто жыве ў новабудоўлях, а працуе на мясцовых прадпрыемствах. А ў больш далёкай перспектыве – з будаўніцтвам моста праз Заходнюю Дзвіну – трамвайныя шляхі звяжуць Наваполацк з суседнім Полацкам.
Наталля Рыжкова, "Віцебскія весці"