У Наваполацку пасля маштабнай рэканструкцыі адкрыўся Палац водных відаў спорту “Садко”

В Новополоцке после масштабной реконструкции открылся Дворец водного спорта “Садко”
У Наваполацку пасля маштабнай рэканструкцыі адбылося ўрачыстае адкрыццё Палаца водных відаў спорту «Садко». Ён адзіны ў вобласці мае плавальны басейн на восем дарожак даўжынёй 50 метраў і дазваляе праводзіць спаборніцтвы самага высокага рангу. 



Знакавай доўгачаканай падзеяй назваў здачу ў эксплуатацыю такога важнага сацыяльнага аб'екта старшыня Наваполацкага гарвыканкама Дзмітрый Дземідаў, выказаўшы ўдзячнасць усім, хто ўдзельнічаў у арганізацыі і правядзенні работ, выкананых аператыўна і якасна.

— Гэта басейн — наша гордасць. Тут былі выхаваны 161 майстар спорту, 40 майстроў спорту міжнароднага класа і 5 заслужаных майстроў спорту. Упэўнены, што гэтыя слаўныя традыцыі падтрымае і прымножыць маладое пакаленне навапалачан, якое будзе шліфаваць сваё майстэрства і дасягаць новых вышынь, — сказаў Дзмітрый Уладзіміравіч.

Раней «Садко» належаў ААТ «Нафтан», а з пачатку года быў перададзены Наваполацкаму гарвыканкаму і стаў адным са структурных падраздзяленняў СДзЮШАР імя Мікалая Генова. Згодна з дагаворам былы ўладальнік пералічыў на рамонт і ўтрыманне будынка спонсарскую дапамогу. Пры абследаванні высветлілася, што за 40 гадоў эксплуатацыі чаша басейна страціла сваю функцыянальнасць і патрабуе капітальнага абнаўлення. У ёй было знята верхняе пакрыццё, устранены бетонныя напластаванні, праведзена гідра- і цеплаізаляцыя, укладзена новая плітка. У цэлым на рэканструкцыю пайшло больш за 6 млрд недэнамінаваных рублёў. Басейн набыў сучасны выгляд і зноў можа прымаць наведвальнікаў. Цяпер, як адзначыў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму гарвыканкама Сяргей Марчанка, ставіцца задача максімальна акупіць затраты на ўтрыманне такога магутнага комплексу. Да паслуг насельніцтва ў Палацы водных відаў спорту чатыры спартыўныя залы і аднаўленчы цэнтр, яны працягвалі працаваць і падчас рамонту.



Генпадрадчыкам работ выступіла адна з лепшых

спецыялізаваных арганізацый галіны ААТ «Нафтазаводмантаж». Рэканструкцыя будынкаў 1960 — 1970-х гадоў пабудовы, па словах генеральнага дырэктара прадпрыемства Аляксандра Яловіка, уяўляла вялікую складанасць. Пры праектаванні нельга прадугледзець усіх нюансаў, якія ўзнікаюць потым. Але дзякуючы плённаму супрацоўніцтву з заказчыкам, праектнымі і субпадраднымі арганізацыямі агульнымі намаганнямі ўдалося выканаць задачу ў запланаваныя тэрміны і зрабіць такі выдатны падарунак жыхарам горада да Новага года.

Сімвалічна, што урачыстая падзея супала з днямі нараджэння Аляксандра Яловіка і заслужанага трэнера Беларусі Аркадзя Генава, якіх Дзмітрый Дзямідаў цёпла павіншаваў пад апладысменты прысутных.

Знакамітая вадналыжная школа Наваполацка славіцца на ўвесь свет, а выхаванцы заслужаных трэнераў Беларусі Аркадзя і Уладзіміра Генавых кожны год заваёўваюць новыя медалі на прэстыжных міжнародных стартах. Зімой спартсмены трэніруюцца ў басейне «Садко», дзе ўстаноўлена спецыяльная лябёдка. Скучыўшы па «вялікай вадзе» за час рамонту, яны цяпер возьмуцца за справу з патроеным энтузіязмам. Таксама на воднай роўні працягнуць трэніроўкі навучэнцы аддзяленняў плавання і падводнага спорту. Пасля цырымоніі урачыстага адкрыцця юныя вадналыжнікі і плыўцы прадэманстравалі сваё майстэрства гасцям. 

Сёння кожны пяты жыхар Наваполацка рэгулярна займаецца фізічнай культурай, а ў склад нацыянальнай зборнай Беларусі па розных відах спорту ўваходзяць 135 чалавек — выхадцаў з нафтаграда. І для арганізацыі трэніровачнага працэсу, і для ўмацавання здароўя наваполачан ствараюцца камфортныя ўмовы. Усяго ў горадзе пяць басейнаў, але «Садко» найбольш запатрабаваны. За дзень спартыўны комплекс наведваюць да тысячы чалавек.

Ларыса Малашэня, «Віцебскія весці». Фота Таццяны Русаковіч.