У Наваполацку пройдзе конкурс дзіцячай моды

У Наваполацкім Палацы культуры 7 снежня пройдзе III адкрыты гарадскі конкурс дзіцячай моды Kids Couture.

У конкурсе возьмуць удзел лепшыя тэатры моды і дызайнеры дзіцячага і падлеткавага адзення з Мінска, Віцебска, Гомеля, Кіраўска, Верхнядзвінска і Дуброўна. Наваполацк у конкурснай праграме прадставіць узорны тэатр моды "Фэст" Палаца дзяцей і моладзі. Пераможца папярэдніх двух гадоў – узорны тэатр моды "Топ-Топ" Палаца культуры і адпачынку – сёлета выступіць па-за конкурсам: калектыў рыхтуе для гледачоў і ўдзельнікаў Kids Couture відовішчны сюрпрыз.

Па традыцыі творчае спаборніцтва пройдзе па чатырох намінацыях: "Дзіцячая творчасць", "Майстар – дызайнер дзіцячага і падлеткавага адзення", "Лепшы дэманстратар" і "Лепшы творчы калектыў". Акрамя таго, будзе вызначаны ўладальнік прыза гледачовых сімпатый.

Пачатак шоў а 14.00.